Logo Polskiego Radia
Print

“Астравецкая АЭС зацягвае Беларусь у эканамічную пастку”

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.12.2012 19:00
  • Астравецкая АЭС зацягвае Беларусь у эканамічную пастку.mp3
Інтэрвію з каардынатарам беларускай антыядзернай кампаніі Тацьцянай Новікавай.
euroradio.fm

Пабудова атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ня толькі ставіць пад пагрозу здароўе беларусаў, але й пагражае краіне эканамічным каляпсам. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё паведаміла каардынатар беларускай антыядзернай кампаніі Тацьцяна Новікава. Астравецкая АЭС будуецца без падрыхтаванага праекта. Яна яшчэ больш узалежнівае Беларусь ад расейскіх крэдытаў і сыравіны, пры гэтым эканамічных эфэктаў ад станцыі ніхто так і не разьлічыў.

Спадарыня Тацьцяна, чаму вы лічыце атамную станцыю, якую будуюць у Астраўцы, небясьпечнай?

Т. Новікава: Атамныя станцыі небясьпечныя самі па сабе. Яны выкідваюць у навакольнае асяродзьдзе штучныя радыёнукліды, якія наносяць вялікую шкоду, трапляючы ўнутр арганізму. Небясьпечнае ня столькі невысокае вонкавае выпраменьваньне, колькі радыёнукліды, якія патрапілі ў арганізм. Радыёактыўны ёд выклікае рак шчытападобнай залозы, цэзій накопліваецца ў цягліцах і выклікае інфаркты, плютоній вельмі таксычны.

Калі ж атамная станцыя будуецца самым танным спосабам, з парушэньнем тэхнічных нормаў, з парушэньнем заканадаўства, паскоранымі тэмпамі, то яе небясьпека павышаецца нават не ў разы – а на парадкі. Менавіта такая сытуацыя цяпер назіраецца ў Беларусі.

Будаўніцтва станцыі даўно пачатае, а ці ёсьць уся патрэбная для гэтага дакумэнтацыя й пляны?

Т. Новікава: Ужо гатовы катлаван. Зараз адбываецца заліўка пластавага дрэнажу пад фундамэнт рэактарнага будынку. Пры гэтым афіцыйны праект будзе гатовы толькі ў 2013 годзе. Будаўніцтва пачалі на год раней за праект. Гэтая пляцоўка пад фундамэнт можа прасесьці, ссунуцца, трэснуць. Такія працы нельга пачынаць без распрацаванага праекту АЭС. Гэта сьцьвярджаю не я, а навукоўцы й будаўнікі. На сёньняшні дзень архітэктурнага праекту няма. Гэта афіцыйная інфармацыя.

Ці рэальна спыніць будаўніцтва атамнай станцыі?

Т. Новікава: Мне падаецца, што рэальна спыніць абсалютна ўсё, акрамя распаўсюджаньня радыёнуклідаў пасьля іх уцечкі. Нават калі будаўніцтва распачалося, яго заўсёды можна спыніць. І прыкладаў такіх шмат. Апошні зь іх – Баўгарыя. Яна адмовілася ад будаўніцтва атамнай станцыі, калі быў ўжо гатовы сілавы агрэгат для АЭС.

Ці вядомы эканамічны эфэкт ад атамнай станцыі? Ці ўдасца беларускім уладам запэўніць энэргетычную бясьпеку краіны, і ці ўвогуле будзе куды прадаваць вырабленую электраэнэргію?

Т. Новікава: Эканамічных разьлікаў ніхто ніколі не бачыў. Нават калі мы рабілі грамадзкую экалягічную экспэртызу праекта АЭС, нам не прадставілі гэтых разьлікаў. Заявы акадэміка Міхалевіча пра таннасьць атамнай энэргетыкі – галаслоўныя. Сучасныя разьлікі паказваюць, што атамная энэргетыка вельмі дарагая. У сьвеце не будуюць новых АЭС. Пакуль ёсьць толькі праекты. У іх унесеныя дадатковыя сыстэмы бясьпекі, якія значна павялічваюць іх кошт. Гэтыя праекты дарагія яшчэ й таму, што атамная энэргетыка памірае, яна паступова сыходзіць са сцэны. Калі нейкі прадукт вырабляюць усё радзей і радзей, то яго кошт ўзрастае.

У дадатак, Беларусь ня мае ніякіх рэсурсаў, неабходных для пабудовы атамнай станцыі: ні грошай, ні кадраў, ні паліва, ні аб’ектаў інфраструктуры. Усё трэба купляць у Расеі. Расея прапануе свае паслугі па сусьветных коштах. Гэта пазначана ў міжурадавым пагадненьні, падпісаным Беларусьсю. Там пазначана, што Беларусь пажыцьцёва абавязваецца купляць ядзернае паліва ў Расеі. Паўтараецца сытуацыя з газам. Аднак калі беларускаму ўраду ўдаецца выгандляваць газ па ільготным цэнам, што будзе з атамным палівам – невядома.

Беларусь можа толькі ўзяць крэдыт і ўзмацніць свае даўгавыя кашмары. АЭС – гэта эканамічная пастка для краіны. У доўгатэрміновай пэрспэктыве яна мажа прывесьці да эканамічнага каляпсу. Летувіскі дэпутат Казімірас Уока палічыў кошты закрыцьця Ігналінскай АЭС. Нягледзячы на тое, што АЭС будаваў Савецкі Саюз, а частку грошай на закрыцьцё даў Эўразьвяз, агульныя кошты вываду з эксплюатацыі былі настолькі высокімі, што Летуве прасьцей было б паліць бэнзін і атрымліваць электрычнасьць зь яго. Скажыце, хто дасьць грошы Беларусі на закрыцьцё атамнай станцыі?

У Хмяльніцкім ва Ўкраіне зьбіраюцца будаваць АЭС на падмурку, які быў закінуты пасьля Чарнобыльскай аварыі. Таксама зьбіраюцца падоўжыць тэрмін дзеяньня старой Ровенскай АЭС. Ці нясуць небясьпеку праекты пабудовы альбо рэканструкцыі АЭС на межах Беларусі?

Т. Новікава: На межах сытуацыя не такая небясьпечная, як яе часам паказваюць. У Летуве быў праведзены рэфэрэндум, і гэтая краіна адмовілася ад атамнай энэргіі. Хмяльніцкая АЭС – гэта пакуль толькі праект. Рэальных дзеяньняў па яе дабудове не пачалі. Украінскія чыноўнікі хочуць прасунуць гэты праект пры дапамозе “Росатома”. Відавочна, яны маюць такі ж інтарэс, што й беларускія чыноўнікі. Аднак будова не пачалася, так што шанцаў спыніць гэты праект больш. Далей за ўсё зайшла справа з Калінінградзкай АЭС. Аднак захоўваюцца магчымасьці ўплыву на будаўніцтва, бо гэтая станцыя мае вялікія праблемы як з фінансаваньнем, так і з інфраструктурай, а таксама продажам электраэнэргіі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт