Лешак Шарэпка, фота P. Marczuk
Лешак Шарэпка, амбасадар Польшчы ў Беларусі, наведаў Магілёў . Яго сустрэча з кіраўніком магілёўскага аблвыканкаму Пятром Руднікам была нечакана адмененая. Аднак Лешак Шарэпка сустрэўся з магілёўскай моладзьдзю й журналістамі.
Лешак Шапрэпка прыехаў у Магілёў , каб сустрэцца з сябрамі мясцовага “Эўрапейскага клюбу” – адной з суполак, створаных у рэгіёнах пад эгідай Руху “За свабоду”. Таксама амбасадар намерваўся правесьці перамовы з ўладамі магілёўскай вобласьці. Аднак аблвыканкам нечакана адмяніў сустрэчу – кажа прэс-сакратар амбасады Польшчы ў Менску Пётр Марчук.
П. Марчук: Плянаванай сустрэчы з губэрнатарам Магілёўскай вобласьці не адбылося па невядомых нам прычынах. Гэта павінен быў быць ключавы элемэнт паездкі. Затое амбасадар сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Абмяркоўваліся розныя пытаньні – ад польска-беларускага супрацоўніцтва й адносінаў з Эўрапейскім зьвязам да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта быў добры абмен думкамі. Дзе б мы не сустракаліся з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці – паўсюль нас прыемна зьдзіўляла атмасфэра згоды й зразуменьня.
На сустрэчу з амбасадарам Польшчы ў Магілёў прыйшлі каля 60 чалавек – кажа адзін з арганізатараў спатканьня сябра руху “За Свабоду” Аляксандар Сілкоў.
А. Сілкоў: Амбасадар выклікаў сымпатыю прысутных сваёй абаяльнасьцю, а самае галоўнае – ён не ухіляўся ад адказу на ніводнае вострае пытаньне. Ён адказваў шчыра, але адначасова вельмі ветліва й карэктна.
Удзельнікі, пераважна моладзь, пыталіся амбасадара, якой будзе рэакцыя Эўропы на пагрозу поўнай страты Беларусьсю незалежнасьці, якія дзеяньні Эўразьвяз будзе прымаць, каб вызваліць палітвязьняў, як будзе паводзіць сябе падчас надыходзячых парлямэнцкіх выбараў і як будзе рэагаваць на фальсыфікацыі. Амбасадар даваў ветлівыя, але канкрэтныя адказы – кажа Аляксандар Сілкоў.
А. Сілкоў: Амбасадар сказаў, што каб паменшыць цэны на візы, патрэбная воля беларускага боку, а яе няма. Наконт палітычных вязьняў амбасадар сказаў, што Эўразьвяз заняў прынцыповую пазыцыю: Лукашэнка павінен вызваліць усіх зьняволеных і іх рэабілітаваць. Іначай ён будзе пастаянна вызваляць адных, а затым набіраць новых. Амбасадар таксама глыбока расчараваны арыштам Андрэя Пачобута, але перакананы, што дыпляматычныя адносіны павінныя разьвівацца.
Не абышлося й без правакацыі. Ля выхаду з грамадзкага цэнтру “Кола”, дзе адбывалася сустрэча, амбасадара Польшчы чакала здымачная група беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня, якая задала вельмі неадназначнае пытаньне.
А. Сілкоў: На выхадзе нас сустрэлі журналісты БТ, якія чакалі нас паўтары гадзіны. Яны задалі амбасадару такое пытаньне: “Калі вы прыехалі сюды, каб сустрэцца з апазыцыяй, то гэта значыць, што вы будзеце яе падтрымліваць?” Пасол адказаў вельмі карэктна: “Я прыехаў сюды сустрэцца з грамадзянскай супольнасьцю горада Магілёва”.
Сустрэча з амбасадарам Польшчы Лешкам Шарэпкам у Магілёве – гэта толькі адно з цэлага шэрагу спатканьняў, якія плянуе правесьці Рух “За Свабоду”. У Эўрапейскія клюбы ў розных рэгіёнах Беларусі будуць запрашаць амбасадараў краінаў Эўразьвязу й ня толькі. Нядаўна ў Берасьці рух правёў сустрэчу з прадстаўніком ЗША Майклам Скэнланам, распавядае намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
Ю. Губарэвіч: Асноўнай тэмай сустрэчы з Майклам Скэнланам была адукацыя. Прадстаўнік ЗША прааналізаваў адукацыйную сыстэму краінаў Эўразьвязу, ЗША, параўнаў іх зь беларускай. Ён агучыў магчымасьці навучаньня беларускіх студэнтаў у ВНУ Эўразьвязу й ЗША. На сустрэчах з прадстаўнікамі эўрапейскіх краінаў будзе абмяркоўвацца ўзровень супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й адпаведнай дзяржавай, а таксама праблемы й пэрспэктывы стасункаў з ЭЗ.
Жаданьне сустрэцца зь беларускай моладзьдзю ўжо выказалі амбасады Летувы й Славаччыны. Інфармацыю пра сустрэчы можна знайсьці на сайце Руху “За Свабоду”, а таксама у групах Эўраклюбаў у сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”.
Аляксандар Папко