Logo Polskiego Radia
Print

У Гародні заснавалі прэмію Юзафа Ядкоўскага

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 05.10.2012 12:36
  • Прэмія імя Ядкоўскага.mp3
Галоўным фаварытам першай узнагароды зьяўляецца звольнены дацэнт ГрДУ Андрэй Чарнякевіч.
фота: belarus.byфота: belarus.by

Юзаф
Юзаф Ядкоўскі.

Гарадзенская інтэлігенцыя ініцыюе прэмію імя Юзафа Ядкоўскага. Узнагарода заснаваная дзеля падтрымкі навукоўцаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, працы якіх сталі важным унёскам у вывучэньне мінулага Гародні. Прэмія таксама разьлічаная на заахвочваньне творчай актыўнасьці й спрыяньне прафэсійнага росту навукоўцаў.

У Гародні ўжо больш за 10 гадоў ідзе актыўная навукова-дасьледчая праца па вывучэньні мінулага горада. Гэтую працу робяць пераважна гісторыкі, якія не належаць да дзяржаўных структур. Сярод праектаў варта адзначыць “Гарадзенскі палімпсест”, “Гарадзенскую бібліятэку”, выданьне “Горад сьвятога Губэрта”, сайт harodnia.com. Насьпела такая неабходнасьць, каб адзначыць тых, хто ўносіць найбольш важкі ўнёсак у гісторыю горада, кажа гісторык, адзін зь ініцыятараў прэміі, прафэсар Алесь Смалянчук.

/

А. Смалянчук: Безумоўна, тое, што нас падштурхнула да ўвядзеньня ўзнагароды – гэта гісторыя зь перасьледам аўтараў кнігі “Гродназнаўства”. Дацэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэта Андрэй Чарнякевіч быў звольнены з працы. Ён, дарэчы, зьяўляецца бадай нашым галоўным кандыдатам на атрыманьне ўзнагароды ў гэтым годзе.

Патрон прэміі Юзаф Ядкоўскі – археоляг, нумізмат і ахітэктар. Ён быў заснавальнікам Гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэя. Па ініцыятыве Ядкоўскага праведзены археалягічныя дасьледаваньні Старога Замка й пакладзены пачатак яго рэканструкцыі.

А. Смалянчук: Юзаф Ядкоўскі – гэта чалавек, які ў міжваенны час унёс велізарны ўклад у вывучэньне гісторыі горада. Зь яго, зрэшты, і пачалося навуковае вывучэньне горада. Гэтая постаць найбольш падыходзіць да імя ўзнагароды. Гэта чалавек, які фактычна ўсё жыцьцё прысьвяціў збору інфармацыі й дасьледаваньню мінулага Гародні. Ён аўтар кніг пра наш горад. Гэта чалавек, які публічна выступіў на Віленскім аргеалягічным зьезьдзе супраць вэрсіі Карамзіна й Салаўёва, што, нібыта, летапісны Гарадзін – гэта ня сёньняшняя Гародня. Ён давёў, што яны памыляліся.

Дарэчы, за сваю дзейнасьць у міжваенны пэрыяд Юзаф Ядкоўскі пацярпеў і быў, фактычна, вымушаны пакінуць Гародню.

Кандыдатуры на атрыманьне ўзнагароды вылучаюцца навукоўцамі, сябрамі Беларускага гістарычнага таварыства, Таварыства беларускай школы, “Гарадзенскай бібліятэкі”, іншых недзяржаўных арганізацый, якія актыўна спрыяюць захаваньню гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі. Дзякуючы прэміі традыцыя вывучэньня горада ўздымецца на новы ўзровень, лічыць Эдвард Дзьмухоўскі з “Гарадзенскай бібліятэкі”.

/

Э. Дзьмухоўскі: Такіх людзей трэба падтрымліваць. Натуральна, што павінна быць узнагарода для чалавека, які працуе на карысьць адраджэньня Прынёманскага краю. Гэта не павінен быць толькі гісторык, гэта можа быць і грамадзка-палітычны дзеяч, літаратар, музыка. Гэта прэмія дадае павагі й бонусаў нашай дзейнасьці. Прэмія Юзафа Ядкоўскага будзе прамаваць наш рэгіён.

Канчаткова імя ляўрэата стане вядомае пасьля кансультацый зь інтэлігенцыяй горада. Уручэньне ўзнагароды адбудзецца ў лістападзе, падчас сьвяткаваньня Дзён сьвятога Губэрта ў Гародні. Пераможца атрымае дыплём і грашовую прэмію. Сродкі будуць зьбірацца шляхам ахвяраваньняў.

Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт