Logo Polskiego Radia
Print

МЗС Беларусі не атрымала ліста Мігальскага

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.01.2013 13:12
У ім эўрадэпутат зьвярнуўся ў МЗС Беларусі з просьбай сустрэцца зь вязьнямі сумленьня.

/

МЗС не зьбіраецца рэагаваць на зварот эўрадэпутата Марэка Мігальскага пра справе сустрэчы з палітвязьнямі Зьмітром Дашкевічам і Міколам Статкевічам, - паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

„Ліста мы не атрымлівалі... Магу толькі парэкамэндаваць удакладніць у самога Мігальскага, якім чынам ён накіроўваў гэты ліст. А звароты праз СМІ мы не разглядаем,” – сказаў Савіных.

Марэк Мігальскі, намесьнік кіраўніка дэлегацыі Эўрапарлямэнта па адносінах зь Беларусьсю, ініцыятар кампаніі салідарнасьці з Дашкевічам і Статкевічам, зьвярнуўся ў Міністэрства замежных справаў Беларусі з просьбай сустрэцца зь імі ў турмах.

У лісьце ён выказвае сваю занепакоенасьць інфармацыяй пра перасьлед палітвязьняў турэмнай адміністрацыяй, ціск і цяжкія ўмовы.

Мігальскі сярод іншага адзначыў, што хоча сустрэцца зь вязьнямі сумленьня, праверыць умовы іх утрыманьня, а таксама ацаніць іх фізычны і псыхічны стан здароўя. Ліст быў надрукаваны ў шэрагу незалежных беларускіх СМІ.

Супрацоўніца дэпутата Мігальскага Ганна Бяляс паведаміла, што гэты ліст быў накіраваны поштай учора.

„Я ня ведаю, калі атрымаюць гэты ліст, каб было хутчэй, мы накіруем яго яшчэ й факсам. Пабачым, якая будзе рэакцыя, хаця, шчыра кажучы, надзеі ў нас слабыя, бо ведаем, як беларускія ўлады рэагуюць на такія лісты,”- заявіла Ганна Бяляс.

У жніўні 2011 году Мігальскі хацеў наведаць Беларусь, але яму было адмоўлена.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт