Л. Кавалёва патрабуе назваць месца пахаваньня сына
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
11.06.2013 10:42
Родныя расстралянага Ўладзіслава Кавалёва абскарджваюць адмову ў паведамленьні месца пахаваньня.
Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва -- Любоў Кавалёва й ягоная сястра Тацьцяна Казяр накіравалі скаргу ў Міністэрства ўнутраных спраў на адмову Дэпартамэнта па выкананьні пакараньняў паведаміць ягонае месца пахаваньня. Родныя Ўладзіслава Кавалёва зьвярталіся ў ДПВ з такой просьбай 25 красавіка, але ўжо 8 траўня атрымалі адмову.
Першы намесьнік начальніка ДВП МУС Рэспублікі Беларусь С.І. Працэнка толькі паведаміў, што «парадак выкананьня сьмяротнага пакараньня строга рэглямэнтаваны артыкулам 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці зь якім цела для пахаваньня не выдаецца, аб месцы пахаваньня не паведамляецца".
У сваім звароце ў МУС Л. Кавалёва й Т. Казяр настойваюць на тым, што норма “пра месца пахаваньня не паведамляецца” зьяўляецца нікчэмнай, паколькі супярэчыць арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Сваю пазыцыю яны абгрунтоўваюць меркаваньнем Камітэту па правах чалавека ААН.
Вясна/ав