Logo Polskiego Radia
Print

Іерархі прызналі цуд

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 02.07.2013 17:14
Паводле камэнтатараў, кананізацыя адбудзецца ў сьнежні бягучага года.

Камісія кардыналаў, арцыбіскупаў і біскупаў Кангрэгацыі
кананізацыі прызнала фактам цуд, які адбыўся дзякуючы заступніцтву бласлаўлёнага Яна Паўла ІІ.

Гэта была неабходная ўмова дзеля кананізацыі былога Папы Рымскага, па паходжаньні паляка. Верагодна, кананізацыйная цырымонія адбудзецца 8 сьнежня бягучага года. На дадзены момант, апошняе рашэньне па гэтай справе павінен прыняць папа Францішак.

Лічыцца, што цягам бліжэйшых некалькіх дзён, Пантыфік атрымае ўсе дакумэнты, зьвязаныя з кананізацыяй Яна Паўла II. Аднак, у адрозьненьні ад працэсу бэатыфікацыі, згоды Папы Рымскага ня хопіць дзеля кананізацыі. Неабходнай зьяўляецца адмысловая кансісторыя, якая, верагодна, адбудзецца пасьля летняга перапынку.

Такім чынам, многія экспэрты лічаць, што кананізацыя польскага Папы будзе праведзена ў сьнежні. Раней пад увагу браліся два іншыя тэрміны: кастрычнік гэтага года або вясна будучага года.

У любым выпадку тэмп кананізацыі Яна Паўла ІІ трэба лічыць рэкордна хуткім. Нагадаем, працэс бэатыфікацыі пачаўся праз тры месяцы пасьля сьмерці Яна Паўла ІІ і закончыўся 1 траўня 2011 года.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт