3 лістапада – дзень нацыянальнай жалобы ў Польшчы
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
30.10.2013 10:04
У гэты дзень адбудзецца пахаваньне былога прэм’ер-міністра Тадэвуша Мазавецкага.
Прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі абвясьціў бліжэйшую нядзелю, 3 лістапада, днём нацыянальнай жалобы пасьля сьмерці Тадэвуша Мазавецкага, - паведаміла прэс-служба Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы.
Гэты факт павінны традыцыйна браць пад увагу радыё- і тэлестанцыі ды арганізатары розных культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Аднак рашэньне аб тым, ці адклікаць імпрэзы, яны прымуць самастойна.
Пахаваньне Тадэвуша Мазавецкага адбудзецца менавіта ў нядзелю 3 лістапада. Першы некамуністычны прэм’ер-міністар пасьляваеннай Польшчы памёр у панядзелак раніцай.
Жалобныя ўрачыстасьці пачнуцца а 11.00 у Варшаўскай катэдры. Мазавецкага пахаваюць у сямейнай магіле на могілках у падваршаўскай мясцовасьці Ляскі.
Пахаваньне будзе мець дзяржаўны характар.
аз