Палякі разьвіталіся з Т. Мазавецкім
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
02.11.2013 15:59
Пахаваньне былога кіраўніка польскага ўраду адбудзецца ў нядзелю.
Тысячы людзей прыйшлі, каб аддаць пашану Тадэвушу Мазавецкаму. Сёньня труна зь целам памерлага палітыка была выстаўленая ў капліцы Прэзыдэнцкага палацу.
Першымі перад ёй пакланіліся прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі з жонкай Аннай.
Жыхары Варшавы прыходзілі на Кракаўскае прадмесьце, каб пабачыць ахунутую ў бел-чырвоны сьцяг труну й упісацца ў кнігу спачуваньняў.
Ганаровую варту ля труны былога кіраўніка польскага ўраду несьлі жаўнеры й скаўты.
Нагадаем, першы некамуністычны прэм’ер-міністар пасьляваеннай Польшчы Тадэвуш Мазавецкі памёр у мінулы панядзелак. Палітык будзе пахаваны 3 лістапада на могілках у Лясках пад Варшавай. У дзень пахаваньня ў Польшчы абвешчаная нацыянальная жалоба.
аз