Logo Polskiego Radia
Print

Пэтыцыя аб вызваленьні Цімашэнкі набрала 100 тыс.подпісаў

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 15.01.2014 09:30
Дакумэнт 20 сьнежня разьмясьцілі на адмысловым сайце адміністрацыі прэзыдэнта ЗША «We The People».
 AFP: fakty.interia.pl


Пэтыцыю да ўладаў ЗША з патрабаваньнем дапамагчы ў вызваленьні экс-прэм'ера Ўкраіны Юліі Цімашэнкі падпісалі больш за сто тысяч чалавек.


Паводле закону, Белы дом абавязаны адрэагаваць на звароты, якія цягам месяца сабралі больш за сто тысяч подпісаў (хоць часта ўлады абмяжоўваюцца фармальным адказам).

«Мы заклікаем адміністрацыю Барака Абамы выкарыстаць усе законныя канстытуцыйныя меры для неадкладнага вызваленьня Юліі Цімашэнкі. Яе палітычна матываваны арышт шакаваў дэмакратычны сьвет», - гаворыцца ў пэтыцыі. Яе аўтары нагадваюць таксама аб «Эўрамайдане» (акцыі ў падтрымку эўраінтэграцыі Ўкраіны, якая праходзіць у розных гарадах рэспублікі з канца лістапада), сьцьвярджаючы, што «сотні тысяч людзей хочуць свабоды Цімашэнкі».

Як адзначае Gazeta.ua, большая частка подпісаў была пастаўленая пад пэтыцыяй у апошнія некалькі дзён.

Нагадаем, што гэта ўжо другая пэтыцыя па «ўкраінскім пытаньні», якая менш чым за месяц набрала 100 тысяч подпісаў. Першая тычылася ўвядзеньня санкцый супраць прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і прадстаўнікоў ураду рэспублікі.

Юлія Цімашэнка была арыштавана і прысуджаная да сямі гадоў турмы за перавышэньне паўнамоцтваў. Працэс адбыўся неўзабаве пасьля прыходу да ўлады яе апанэнтаў з Партыі рэгіёнаў на чале зь Віктарам Януковічам. Вызваленьне палітыка або яе адпраўка на лячэньне за мяжу было адным з асноўных умоў падпісаньня Ўкраінай дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам (улады краіны яшчэ некалькі гадоў таму абвясьцілі «заходні вэктар» сваёй палітыкі і ў лістападзе плянавалі заключыць эканамічнае пагадненьне з ЭЗ). Аднак у апошні момант урад прыпыніў падрыхтоўку да падпісаньня пагадненьня, у сувязі з чым зьнікла і неабходнасьць вызваляць Цімашэнку.

эб/lenta.ru

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт