ПА Рады Эўропы патрабуе высьвятленьня сьмерці Магніцкага
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
28.01.2014 16:50
Дэпутаты патрабуюць у Расеі пакараньня вінаватых у сьмерці юрыста.
Wikipedia
Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы выказала заклапочанасьць у сувязі з тым, што Расея пакуль не пакарала вінаватых у сьмерці юрыста Сяргея Магніцкага.
Нагадваем, Магніцкі, які абвінаваціў чыноўнікаў расейскага МУС у прысваеньні 230 мільёнаў даляраў зь дзяржаўнага бюджэту, памёр у вязьніцы ў нявысьветленых акалічнасьцях.
Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы заклікала Расею да поўнага расьсьледаваньня абставін сьмерці Магніцкага й крымінальнага перасьледу службовых асоб, якія прычыніліся да яго зьняволеньня.
Апрача таго, дэпутаты заклікалі Маскву растлумачыць той факт, што скаргі Магніцкага аб падатковых махінацыях, накіраваныя ў вышэйшыя праваахоўныя органы, былі перададзеныя падазраваным у суўдзеле ў злачынстве функцыянэрам службы бясьпекі.
Рэзалюцыя рэкамэндуе ўвядзеньне ў Расеі адпаведнага заканадаўства па наглядзе за вязьніцамі, празрыстасьцю фінансавых і падатковых апэрацый і павышэньні эфэктыўнасьці барацьбы з карупцыяй.
аз