Logo Polskiego Radia
Print

Расейцы нашлі ў беларускім мясе антыбіётыкі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.02.2015 08:24
Рассельгаснагляд выявіў антыбіётыкі ў мясной прадукцыі берасьцейскага прадпрыемства «Інка-Фуд».

«Вэтэрынарная служба Рэспублікі Беларусь не ў належнай меры выконвае дадзеныя раней гарантыі захаваньня нормаў і патрабаваньняў Мытнага зьвязу пры вытворчасьці жывёлагадоўчай прадукцыі», - гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце Рассельгаснагляду.

Як інфармуе БелаПАН, у якасьці прыкладу прыводзіцца берасьцейскае ІП «Інка-Фуд», у прадукцыі якога, згодна з паведамленьнем расейскага ведамства, «выяўленыя антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы». «Існуючы падыход не дазваляе забясьпечыць выразнага захаваньня вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў пры вытворчасьці прадукцыі, прызначанай да паставак на тэрыторыю Расеі», - адзначае Рассельгаснагляд.

Нагляднае ведамства паведамляе, што ў 2014 годзе пры правядзеньні маніторынгавых дасьледаваньняў мясапрадукцыі вытворчасьці «Інка-Фуд» было выяўлена пяць выпадкаў парушэньняў, у тым ліку антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы. Акрамя таго, праведзеная ў сьнежні расейскімі спэцыялістамі інспэкцыя гэтага прадпрыемства выявіла шэраг парушэньняў вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў і нормаў Мытнага зьвязу.

«Таксама адзначаны недастатковы кантроль з боку Дзяржвэтслужбы Рэспублікі Беларусь і адпаведнай службы прадпрыемства за станам вытворчых памяшканьняў і арганізацыяй вытворчых працэсаў», - паведамляе Рассельгаснагляд.

naviny.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт