Кітай: Масавыя допыты праваабаронцаў
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
17.07.2015 10:45
Апошнімі днямі паліцыя праслухоўвае й праводзіць вобшукі больш як 200 актывістаў праваабарончага руху.
Апошнімі днямі паліцыя праслухоўвае й праводзіць вобшукі больш як 200 адвакатаў, працаўнікоў адвакацкіх кантор і іншых праваабаронцаў – паведаміла арганізацыя, якая аб’ядноўвае юрыстаў CHRLCG.
Многіх выклікалі даваць паказаньні па некалькі раз. Іх папярэджвалі, што яны павінны маўчаць у справе допытаў – паінфармавала China Human Rights Lawyers Concern Group зь сядзібай у Ганконгу. У паліцыі юрысты чулі, што павінны стрымлівацца ад удзелу ў «далікатных справах» і не прымаць удзел у абароне арыштаваных адвакатаў, як, напрыклад, Ванг Ю.
Ванг зьяўляецца адной з найлепшых адвакатаў у Кітаі, удзельнічала ў найважнейшых справах, зьвязаных з правамі чалавека. Кітайскія ўлады абвінавацілі яе ў прыналежнасьці да «злачыннай групоўкі».
У мінулым годзе ў Кітаі была арыштаваная амаль тысяча праваабаронцаў. Гэта столькі, колькі за папярэднія два гады. Сярод іх былі адвакаты, журналісты й лібэральныя інтэлектуалы. Яны траплялі пад хатні арышт, былі пазбаўленыя магчымасьці выказвацца, прымушаныя выяжджаць за мяжу.
У Кітаі судовая ўлада ў вялікай ступені знаходзіцца пад палітычнымі ўплывамі. Камуністычная партыя Кітая кантралюе суды, пракуратуру й паліцыю.
ав