Чаму старая бытавая тэхніка амаль не псуецца?
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
18.07.2015 17:49
А новую трэба мяняць кожныя некалькі гадоў.
fot. glowimages
«Gazeta Wyborcza» публікуе артыкул амаль на цэлую паласу, у якім параўноўвае сёньняшнюю бытавую тэхніку з тэхнікай, што выпускалася ў мінулыя часы. Некалькі дзясяткаў гадоў таму фірмы выраблялі рэчы, якія працуюць па сёньняшні дзень. Спадарыня Тэрэса з горада Чэнстахова мае на кухні кавамолку фірмы АКА з ГДР, якой 32 гады. І кавамолка працуе без праблемаў. У яе ёсьць таксама кухонны камбайн з тых часоў, які, нягледзячы на ўзрост, таксама спраўляецца са сваімі задачамі. Адзінае, што ня вытрымала часу, гэта гумовая пракладка. Спадарыня Тэрэса нават і ня думае выкідваць камбайн: яна вырашыла замяніць пракладку й надалей ім карыстацца, бо ведае, што цяперашняя бытавая тэхніка не працягне й некалькі гадоў. Халадзільнік у яе хадзіў ажно 30 гадоў. «Я не магла дачакацца, каб сапсаваўся, бо хацела купіць новы й энэргаашчадны», – гаворыць жанчына.
А вось у спадарыні Ядвігі на кухні кавамолка, міксэр і мясарубка. Вырабленыя яны 35 гадоў таму на адным з заводаў у Польскай Народнай Рэспубліцы, на хаду па сёньняшні дзень. Першая ў ПНР аўтаматычная пральная машына «Luna» працавала 25 гадоў, пыласос – 20. «Раней ніхто нават ня думаў пра тое, што нешта сапсуецца. Гэта цяпер трэба часта выменьваць бытавую тэхніку», – кажа жанчына.
У кватэры спадарыні Ўршулі з горада Ўроцлаў стаіць пральная машына «Candy», якой 25 гадоў. Жанчына кажа, што шкада яе выкінуць, нягледзячы на тое, што падчас праньня часам адкрываюцца дзьверцы. «Але майстар сказаў, каб не выкідвала, бо цяпер пральнай машыны такой якасьці нідзе не знайду», – зазначае кабета.
Ужо даўно ходзяць чуткі пра тое, што ня вельмі якасную бытавую тэхніку вытворцы выпускаюць спэцыяльна, каб спажыўцы як мага часьцей куплялі іх прадукцыю. Вытворцы абвяргаюць гэтыя чуткі й зазначаюць, што якасьць іх прадукцыі не зьмянілася. Аднак факты сьведчаць пра адваротнае, а больш сур’ёзныя доказы аб праднамеранай палітыцы вытворцаў мае Эўрапейская Камісія, якая стараецца змагацца з такой практыкай. Напрыклад, прымушаючы вытворцаў утылізаваць старую тэхніку. Спэцыялісты кажуць, што гэта правільны напрамак, бо ў такім выпадку вытворцам ня будзе аплачвацца выпускаць тэхніку слабай якасьці, якую хутка прыйдзецца ўтылізаваць за свой кошт. Назіральнікі за рынкам электратэхнікі кажуць, што не заўсёды паміж цаной і якасьцю можна паставіць знак раўнаньня: здараецца, што дарагая тэхніка хутка псуецца, і наадварот – таньнейшая працуе вельмі доўга, паведамляе «Gazeta Wyborcza».
вс