Марыя Гайдар стала грамадзянкай Украіны
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
04.08.2015 10:23
Дэпутат Мілонаў заклікаў праверыць, ці трапляюць дзеяньні Гайдар пад артыкул аб дзяржздрадзе.
foto: wikipedia
Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка прадаставіў грамадзянства намесьніку губэрнатара Адэскай вобласьці Марыі Гайдар. Пра гэта паведамляе сёньня прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
У сярэдзіне ліпеня Гайдар была прызначаная намесьнікам губэрнатара Адэскай вобласьці Міхаіла Саакашвілі.
У 2009-2011 гадах Марыя Гайдар займала пасаду намесьніка губэрнатара Кіраўскай вобласьці па пытаньнях аховы здароўя й сацыяльнага разьвіцьця. У момант прызначэньня на гэтую пасаду яна была самым маладым віцэ-губэрнатарам у Расеі.
18 ліпеня дэпутат заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Віталь Мілонаў зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт Расеі й Генпракуратуру з патрабаваньнем праверыць, ці трапляюць дзеяньні Марыі Гайдар, якая стала намесьнікам губэрнатара Адэскай вобласьці, пад артыкул аб дзяржаўнай здрадзе.
Марыя Гайдар - дачка былога прэм'ер-міністра Расеі Ягора Гайдара, а яе прадзядуля - вядомы пісьменьнік Аркадзь Гайдар.
паводле бі-бі-сі/вс