35 угодкі страйку ў Шчэціне
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
18.08.2015 15:02
Роўна 35 гадоў таму да пратэстуючых у Гданьску далучыліся работнікі ў Шчэціне.
foto:flickr.pl
А 6-й раніцы спыніў працу суднабудаўнічы завод імя Адольфа Варскага, да якога за час страйку далучыліся амаль 400 заводаў у рэгіёне.
Больш за 3 тысячы рабочых сабраліся каля Шчэцінскай суднаверфі, - успамінае Станіслаў Вандалоўскі, тагачасны сябра страйкавага камітэту. „Трамваі не хадзілі і я ўзяў таксі. Я хацеў заплаціць, аднак таксіст, ведаючы, што еду на страйк, сказаў: „Ад такіх людзей грошай не бяру”.
Гісторык Сэбастыян Лігарскі падкрэсьлівае, што страйк у жніўні 1980 году быў парывам, які не закончыўся крывавай сутычкай з уладай: „Галоўнае было, каб рабочыя ня выйшлі зь верфі і не зрабілі памылкі са сьнежня 1970 году, і каб не дапусьцілі правакацыі”.
Пасьля перамоваў страйкавага камітэту з Урадавай камісіяй, 30 жніўня было падпісанае пагадненьне ў Шчэціне. На наступны дзень такі ж дакумэнт страйкоўцы падпісалі ў Гданьску. З таго часу пачаўся „карнавал „Салідарнасьці” - гэта значыць пэрыяд адноснай свабоды ў камуністычнай Польшчы. Паўстаў грамадзкі і рабочы рух, які пераўтварыўся ў 10-мільённы прафсаюз „Салідарнасьць”.
Усё закончылася абвяшчэньнем ваеннага становішча 13 сьнежня 1981 году.
яс