«„Залаты цягнік”, калі ён сапраўды будзе знойдзены, будзе належаць дзяржаўнай казне», - кажа Генэральны кансэрватар гістарычных помнікаў у Польшчы Пётр Зухоўскі.
Хоць яшчэ ніхто ня ведае, што месьціцца ў вагонах, схаваных нацыстамі дзесьці ў Ніжняй Сылезіі, то ўжо Сусьветны габрэйскі кангрэс паведамляе, што ў іх могуць быць рэчы, якія належаць габрэям.
Раней у расейскіх СМІ зьявілася выказваньне юрыста, які пераконваў, што груз „залатога цягніка” можа належаць Расеі - правапераемніку Савецкага Саюза - удзельніка антыгітлераўскай кааліцыі.
„Аналізы, якія правялі нашыя юрысты, зусім ясна паказваюць, што цягнік, калі ён будзе знойдзены й калі не знойдуцца людзі, якія змогуць даказаць, што гэта іх уласнасьць, будзе належаць дзяржаўнай казне”, - супакойвае Галоўны кансэрватар гістарычных помнікаў у Польшчы.
Нагадаем, надоечы польскія скарбашукальнікі заявілі, што знайшлі схаваны ў 1945 годзе пад Уроцлавам бронецягнік з каштоўнасьцямі.
Па гэтай справе мужчыны зьвярнуліся ў юрыдычную фірму. Яны хочуць атрымаць 10% ад знойдзенага вялізнага, паводле іх, скарбу.
Сэнсацыйную навіну пацьвярджаюць улады горада Валбжых. Справай займаюцца адвакаты, вайскоўцы й паліцыянты.
Легенды пра нацысцкі цягнік з золатам даўно былі вядомыя скарбашукальнікам. Нібыта, вясной 1945-га, перад прыходам савецкай арміі, нацысты схавалі бронецягнік з золатам у адным з тунэляў каля замка Ксёнж на поўдні Польшчы.
аз