Logo Polskiego Radia
Print

Gazeta Wyborcza: энэргетычная бясьпека Эўропы - гэта фікцыя

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.10.2015 18:26
«Газпром» падпісаў пагадненьне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства з эўрапейскімі энэргетычнымі гігантамі.
www.flickr.com

«Gazeta Wyborcza» паведамляе, што вялікія энэргетычныя канцэрны разам з «Газпромам» плянуюць пракласьці трубаправод Nord Stream-2 па дне Балтыйскага мора да 2019 года. Дзякуючы гэтаму Нямеччына стане галоўнай транзытнай краінай і цэнтрам гандлю расейскім газам. Пры гэтым праект ударыць па інтарэсах Украіны й Польшчы, паведамляе газэта й падкрэсьлівае, што лёзунг пра энэргетычную бясьпеку Эўропы становіцца пустым словам.
Пасьля анэксіі Крыму Эўразьвяз заявіў пра радыкальны паварот у галіне энэргетычнай бясьпекі. Было заяўлена, між іншым, пра дывэрсыфікацыю паставак «блакітнага паліва», бо большасьць газу ў Эўропу пастаўляецца з Расеі. Цяпер гэта галаслоўная й пустая дэклярацыя, падкрэсьлівае польскае выданьне. На пачатку верасьня «Газпром» падпісаў пагадненьне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства з эўрапейскімі энэргетычнымі гігантамі. І так, падпісантамі зьяўляюцца нямецкія кампаніі BASF і E.ON, аўстрыйская OMV, брытанска-галяндзкая Shell і француская Engi. Мэта падпісаньня дакумэнту – стварэньне Nord Stream-2 – газаправоду, які быў бы копіяй першай балтыйскай трубы, пракладзенай тры гады таму. Па кожным з газаправодаў можна прапампоўваць да 70 млрд кубамэтраў газу штогод. Калі інвэстыцыя будзе рэалізаваная, то з Расеі ў Эўропу можна будзе пастаўляць 140 млрд кубамэтраў газу ў год: гэта столькі, колькі ў гадавым маштабе прапампоўваецца праз тэрыторыю Польшчы і Ўкраіны. А гэта азначае, што пасьля здачы ў эксплюатацыю другой балтыйскай трубы значэньне Кіева й Варшавы ў якасьці транзытных шляхоў падае амаль да нуля. Адначасова ўзрастае роля Нямеччыны, якая стане галоўным цэнтрам разьмеркаваньня газу.
Невялікія краіны Эўразьвязу, перш за ўсё з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, не здаюцца. Нядаўна ў Эўрапарлямэнце прайшла дыскусія, прысьвечаная трубаправоду Nord Stream-2, ініцыятарам правядзеньня якой выступілі дэпутаты ад Польшчы. Падчас дэбатаў зазначалася, што ініцыятыва «Газпрому» й эўрапейскіх канцэрнаў уяўляе небясьпеку для энэргетычнай стабільнасьці Эўропы й пярэчыць прынцыпам эўрапейскай салідарнасьці. Паводле часткі эўрадэпутатаў, Эўракамісія павінна як мага найхутчэй высьветліць, ці заключанае пагадненьне не парушае законаў і правілаў ЭЗ, паведамляе «Gazeta Wyborcza».

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт