Logo Polskiego Radia
Print

БЧ ня будзе прызначаць новы цягнік у польскі Беласток

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 20.12.2015 08:02
З 13 сьнежня паміж Горадняй і Беластокам перасталі курсіраваць цягнікі польскага фарміраваньня.
Спальны вагон БЧ у складзе міжнароднага цягнікаСпальны вагон БЧ у складзе міжнароднага цягнікаDariusz Sieczkowski/flickr.com

Беларуская чыгунка ня будзе прызначаць новы цягнік у польскі Беласток. У першую чаргу з-за тэхнічных цяжкасьцяў: у Беларусі й Польшчы розная шырыня чыгуначнай каляіны. Пра гэта парталу tut.by падчас прамой лініі распавёў намесьнік начальніка пасажырскай службы БЧ Сяргей Мацкевіч.

Нагадаем, з 13 сьнежня паміж Горадняй і Беластокам перасталі курсіраваць цягнікі польскага фарміраваньня. Польскія транспартнікі прыпынілі рух з-за абмежаванага фінансаваньня цягнікоў міжнародных напрамкаў на 2016 год. Аднак яны спадзяюцца ў найбліжэйшай будучыні аднавіць маршрут у сувязі зь яго «важнай сацыяльнай роляй».

Зараз дабрацца зь Беларусі ў Беласток на цягніку немагчыма. Што тычыцца іншых польскіх гарадоў, то зь Берасьця курсіруе цягнік у Тарэспаль, а празь Менск праходзяць склады Масква-Варшава, Масква-Парыж і Масква-Ніца. Акрамя таго, да цягніка Масква-Варшава кожны дзень дачапляюцца два бесьперасадачныя вагоны Менск-Варшава. З Горадні на тэрыторыю Польшчы цягнікоў больш няма. Тым ня менш, БЧ не разглядае пытаньня аб прызначэньні новага складу ў Беласток.
«У першую чаргу з-за тэхнічных складанасьцяў: у нас розная шырыня каляіны, у нас такога рухомага складу проста няма», – патлумачыў Сяргей Мацкевіч.

Паводле яго слоў, ажыятажу на польскіх кірунках няма. І БЧ, і РЖД праводзяць сыстэматычны маніторынг запоўненасьці цягнікоў. Пры неабходнасьці ідзе папаўненьне існуючых схем, запэўніў Сяргей Мацкевіч.

А вось іншы эўрапейскі напрамак – летувіскі – прадстаўнік чыгункі назваў вельмі насычаным. Цяпер беларускі й летувіскі бакі вядуць на ім электрыфікацыю. Завяршыць яе плянуюць да канца 2016 года. Пасьля гэтага зьявіцца магчымасьць павялічыць частату курсіраваньня цягнікоў у летувіскім напрамку, распавёў Сяргей Мацкевіч.

Нагадаем, з 13 сьнежня БЧ увяла новы графік руху цягнікоў на 2015/2016 гады. У ім, у прыватнасьці, быў пераведзены ў разрад «па ўказаньні» цягнік №115/116 Менск-Варшава й зʼявіўся новы цягнік №816/815 Горадня-Вільня.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт