Logo Polskiego Radia
Print

«Польскія палітыкі павінныя думаць, што гавораць»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.01.2016 19:41
  • Польскія палітыкі павінныя думаць, што гавораць.mp3
«Пагрозы дэмакратыі ў Польшчы няма, але з-за рэзкіх дзеяньняў ураду краіна нясе эканамічныя страты», – экспэрты тлумачаць сэнс польскага крызысу.
Ministerstwo Obrony/flickr.com

У Польшчы разгарэўся адзін з самых вялікіх палітычных канфліктаў за апошнія 20 гадоў. Выбар судзьдзяў Канстытуцыйнага суду й зьмены закону аб дзяржаўных СМІ выклікалі крытыку ня толькі парлямэнцкай апазыцыі, але й Эўразьвязу. Эўракамісія аб’явіла, што спраўдзіць, ці Польшча не парушае прынцыпаў прававой дзяржавы. Дыскусію пра сытуацыю ў Польшчы пачынае й Эўрапейскі парлямэнт. На палітычны канфлікт адрэагавала нават агенцтва Standard and Poor’s, якое панізіла крэдытны рэйтынг краіны. Ці мае Эўропа падставы непакоіцца? Ці Варшава адыходзіць ад дэмакратыі? Палітычны канфлікт у Польшчы тлумачаць беларускім слухачам палітоляг Максім Руст і мэдыя-аналітык Аляксей Лявончык. З экспэртамі размаўляе Аляксандар Папко.

Шаноўныя сябры, ці адбываецца ў Польшчы адыход ад дэмакратычных нормаў? Ці справядлівыя абвінавачаньні міжнароднай прэсы ў бок польскага ўрада?

М. Руст: Польская дэмакратыя пакуль не знаходзіцца пад пагрозай. Але законы, якія прымае польскі ўрад, кірунак яго дзеяньняў нельга назваць дэмакратычнымі. Пагрозы пакуль няма, але тэндэнцыі вельмі небясьпечныя.

Аляксей, а што вы думаеце на гэты конт?

А. Лявончык: Я ня буду паглыбляцца ў вызначэньне слова «дэмакратыя». Можна ўзяць за прыклад тыя працэдуры й нормы, якія лічацца дэмакратыяй у Нямеччыне. Калі аналізаваць сытуацыю зь нямецкага пункту гледжаньня, у Польшчы адбыўся моцны ўдар па інстытутах права. У Нямеччыне немагчыма скасаваць рашэньне парлямэнту пра прызначэньне цэлых пяці судзьдзяў Канстытуцыйнага суду. Там бы прынялі прысягу трох судзьдзяў, а замянілі б двух. Я ня буду казаць, што ў Польшчы адбываецца нейкая катастрофа. Гэта не беларускае грамадзтва – тут не адзін цэнтар сілы. Іх вельмі многа. Адбываецца не трагедыя, але велізарнае непаразуменьне. Тлумачыць для замежнай публікі сэнс сваіх дзеяньняў польскі ўрад мог бы й лепш.

Я хацеў бы коратка апісаць сэнс палітычнага канфлікту для нашых слухачоў. Парлямэнт папярэдняга скліканьня парушыў добрую традыцыю, згодна зь якой ён абіраў судзьдзяў Канстытуцыйнага суду толькі пасьля таго, як заканчваўся іх мандат. У кастрычніку 2015 году парлямэнт выбраў пецярых новых судзьдзяў Канстытуцыйнага суду замест пецярых, у якіх тэрмін знаходжаньня на пасадзе заканчваўся ў 2015 годзе. Аднак на момант галасаваньня мандат быў несапраўдны толькі ў трох судзьдзяў. Дваіх выбралі «на запас». Кіруючая тады партыя «Грамадзянская плятформа» ведала, што можа прайграць выбары, таму вырашыла забясьпечыць сабе перавагу ў дзяржаўных установах на будучыню. Партыя «Права й справядлівасьць» узбунтавалася супраць такога рашэньня й пасьля перамогі на выбарах адмяніла прызначэньне ўсіх 5 судзьдзяў. Таму пэўныя аргумэнты былі ў абодвух бакоў.

Акрамя таго, пасьля прыходу да ўлады партыя «ПіС» скасавала аўтаномію дзяржаўнага радыё й тэлебачаньня, каб, коратка кажучы, імгненна замяніць іх кіраўніцтва, выбранае папярэднімі ўладамі. Пры гэтым прадстаўнікі «Права й справядлівасьці» паабяцалі вярнуць аўтаномію дзяржаўным СМІ, толькі... пазьней. Такія дзеяньні выклікалі вельмі моцную крытыку як палітычных апанэнтаў, так і польскага грамадзтва. Менавіта таму Эўракамісія заявіла, што пачне працэдуру ацэнкі зьменаў у польскім заканадаўстве. Ці мае Эўразьвяз падставы, каб правяраць Польшчу на прадмет адыходу ад дэмакратыі?

М. Руст: У Польшчы дыскусія пра мэханізмы назіраньня Эўразьвязу не адпавядае таму, як гэтыя мэханізмы выглядаюць насамрэч. Палітыкі «Права й справядлівасьці» кажуць, што «Эўразьвяз будзе трымаць нас пад кантролем», «раней нам указвала Масква, а цяпер нам указвае Брусэль». Але гэта ня так. Намесьнік старшыні Эўракамісіі Франц Тымэрманс заявіў, што яны будуць правяраць мэханізмы прававой дзяржавы – аналізаваць закон аб СМІ й закон аб Канстытуцыйным судзе. Тое, што адбылося зь дзяржаўнымі СМІ й Канстытуцыйным судом, на маю думку, патрабуе праверкі. Польшчу можна параўнаць з Румыніяй, Вугоршчынай ці Баўгарыяй. Мы ня можам сказаць, што гэтыя дзяржавы недэмакратычныя. Але й сказаць, што ўсе інстытуты ўлады ў іх дэмакратычныя, было б перабольшваньнем.

Я хацеў бы прадставіць контраргумэнт словам спадара Максіма. Людзі, якія абараняюць дзеяньні ўраду, кажуць, што цяпер у Польшчы кіраўніцтва дзяржаўных СМІ прызначаюць таксама, як і ў Францыі. Ці сапраўды гэтыя законы выходзяць па-за дэмакратычныя рамкі?

А. Лявончык: Трэба памятаць пра тое, што Цэнтральная і Ўсходняя Эўропа на Захадзе ўспрымаецца як terra incognita. Дэмакратычныя стандарты паводзінаў тут яшчэ не стабілізаваліся. 25 гадоў – гэта занадта малы тэрмін для стабілізацыі. Пачынаючы ад Віктара Орбана кіраўнікі краінаў гэтага рэгіёну рэгулярна выклікаюць скандалы. Орбан добра навучыў Захад, што да Ўсходу трэба ставіцца насьцярожана.

Я патлумачу для нашых слухачоў: Віктар Орбан – гэта прэм’ер Вугоршчыны, які славіцца скандальнымі адносінамі як да палітыкі Эўразьвязу, так і да ўнутранай палітыкі сваёй краіны. Яго называюць «аднаасобным гаспадаром» Вугоршчыны.

А. Лявончык: Орбан у Вугоршчыне даў Эўразьвязу зразумець, што дэмакратычныя перамены могуць быць «адкручаныя» назад. І гэта Эўропу вельмі засмучае. Праблема ў выпадку Польшчы нават не ў дэмакратычным працэсе. Праблема ў тым, як урад прадстаўляе свае дзеяньні на Захадзе. Трэба лепш працаваць зь піярам, лепш тлумачыць пра тое, што адбываецца ў краіне, прыводзіць параўнаньні, а не казаць, што «нас несправядліва пакрыўдзілі». Піяр «Права й справядлівасьці» я не магу назваць удалым. Піяр – гэта ўжо нават не палітыка. Гэта пытаньне грошай. А грошы ня любяць кепска выражаных думак.

М. Руст: Дыскусію, якая ідзе ў Эўразьвязе наконт Польшчы, палітыкі польскай кіроўнай партыі прадстаўляюць праз прызму гістарычных фобіяў. Маўляў, «нас крытыкуюць нямецкія палітыкі, яны прадстаўляюць інтарэсы Нямеччыны»! Нельга забываць, што з крытыкай польскага ўраду выступіла і эўракамісар ад Польшчы. Яна не прадстаўляе сваю краіну, яна прадстаўляе Эўразьвяз.

Такім чынам, нашыя суразмоўцы лічаць, што Эўразьвяз меў права пачаць працэс ацэнкі працэдураў прававой дзяржавы ў Польшчы. Зь іншага боку, ніякіх асаблівых пагрозаў дэмакратыі тут няма...

М. Руст: Але ёсьць тэндэнцыі, і гэтыя тэндэнцыі даволі небясьпечныя.

А. Лявончык: Прычым інспэкцыя – гэта даволі рутынны працэс. Гэта ацэнка, яна можа цягнуцца гады. За гэты час можа нешта зьмяніцца. Я б не драматызаваў. Эўрапейскія працэдуры паводле прынцыпу даўжэзныя. І эўрапейскія структуры абавязаныя пачаць гэтую працэдуру. Гэта закон. Яны б у стасунку да Брытаніі яе пачалі, калі б там адбылося нешта падобнае.

Мы прыйшлі да высновы, што кожны палітык, які выступае ад імя сваёй дзяржавы, які выказваецца на адрас іншай дзяржавы, павінен памятаць, што яго словы маюць фінансавае выражэньне. Кожны палітык павінен вельмі моцна адказваць за свае словы.

Размяўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт