Польшча прызначыць 3 млн эўра на бежанцаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
03.02.2016 13:55
З такой прапановай Бэата Шыдла выступіць у Лёндане.
Прэм'ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла вылецела ў Парыж.Photo: PAP/Radek Pietruszka
Прэм'ер-міністар Польшчы Бэата Шыдла працягвае сваё эўрапейскае турнэ. Сёньня пасьля поўдня яна вылецела ў Парыж.
Візыт у сталіцы Францыі будзе працягвацца ўсяго некалькі гадзінаў. З прэзыдэнтам Франсуа Аляндам кіраўнічка польскага ўраду абмяркуе, сярод іншага, міграцыйны крызыс і пытаньні бясьпекі, у тым ліку саміту NATO, які ў ліпені адбудзецца ў Варшаве.
Намесьнік міністра замежных спраў Конрад Шыманьскі падкрэсьлівае, што палітыкі будуць таксама размаўляць пра польска-францускае эканамічнае й ваеннае супрацоўніцтва.
„Гэта пытаньне супрацоўніцтва з канцэрнам „Airbus” і прыстасаваньня яго прапановы да патрэбаў польскага боку й чаканьняў французаў. Але абмеркаваць трэба больш пытаньняў, напрыклад, энэргетыку, бо Францыя цікавіцца польскай ядзернай праграмай”, - дадае Конрад Шыманскі.
З Парыжа Шыдла паляціць у Лёндан, каб заўтра прыняць удзел у канфэрэнцыі донараў Сырыі.
МЗС Польшчы паведаміла, што прэм'ер Бэата Шыдла запрапануе 3 млн эўра ў якасьці польскага ўзносу ў міжнародны фонд дапамогі сырыйцам.
На канфэрэнцыі ў Лёндане кіраўнічка польскага ўраду будзе таксама пераконваць, каб ЭЗ замест разглядаць пытаньні прыняцьця мігрантаў, засяродзіўся на павелічэньні дапамогі бежанцам у краінах, якія мяжуюць з Сырыяй.
аз