Logo Polskiego Radia
Print

Міжнародны суд ААН сьвяткуе сваё 70-годзьдзе

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.04.2016 16:24
З гэтай нагоды ў Гаазе прайшло яго спэцыяльнае паседжаньне.
Photo: PAP/EPA/PETER DEJONG/POOL

У Гаазе прайшло спэцыяльнае паседжаньне Міжнароднага суда ААН з нагоды 70-й гадавіны з дня яго заснаваньня. У ім удзельнічалі, у прыватнасьці, кароль Нідэрляндаў Вілем-Аляксандар і генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

Гааскі суд быў створаны Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый дзеля ўрэгуляваньня спрэчак паміж дзяржавамі, то бок мірнага вырашэньня канфліктаў. Яго статут быў прыняты разам са Статутам Арганізацыi Аб'яднаных Нацый 26 чэрвеня 1945 года ў Сан-Францыска і ўступіў у сілу праз чатыры месяцы.

Рашэньне Гааскага суда зьяўляецца канчатковым і няма інстанцыі, у якой можна было б яго абскардзіць.

Суд складаецца з 15 судзьдзяў, якія абіраюцца на дзевяцігадовы тэрмін. Кожныя 3 гады мяняецца траціна судзейскага складу. Судзьдзі Міжнароднага суда ААН ня могуць займацца іншымі відамі прафэсійнай або палітычнай дзейнасьці.

Штаб-кватэра Міжнароднага суду ААН разьмяшчаецца ў Палацы міру ў Гаазе.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт