Logo Polskiego Radia
Print

Расея хоча “палажыць лапу” на беларускае “фамільнае серабро” (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.04.2016 20:13
  • МЗКЦ.mp3
МЗКЦ - сучаснае, высокаразьвітае, перадавое і ўнікальнае ў сусьветным маштабе прадпрыемства.
Расейскі ракетны комплекс стратэгічнага прызначэньня "Тополь-М" зь міжкантынэнтальнай балістычнай ракетай на шасі МЗКЦ-79221 Расейскі ракетны комплекс стратэгічнага прызначэньня "Тополь-М" зь міжкантынэнтальнай балістычнай ракетай на шасі МЗКЦ-79221 commons.wikimedia.org/Goodvint/CC BY-SA 3.0

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў запатрабаваў пазбавіць заказаў Менскі завод колавых цегачоў (МЗКЦ). Паводле аглядальнікаў, гэта свайго роду ціск на афіцыйны Менск з той мэтай, каб беларусы прадалі завод расейцам. Беларусы пакуль што ўпіраюцца й пазбаўляцца прадпрыемства ня хочуць, бо гэта свайго роду курыца, якая нясе залатыя яйкі. Нагадаем, што перасоўныя стратэгічныя расейскія сілы й вялікая частка зэнітна-ракетных сыстэм устаноўленыя на колавай базе МЗКЦ.

Партал naviny.by на днях апублікаваў аналітычны артыкул, прысьвечаны МЗКЦ, аўтарства Аляксандра Алесін. Нагадаем, ён зьяўляецца вайсковым аналітыкам і аглядальнікам. Дарэчы, многія журналісты лічаць яго найлепшым у сваёй галіне, бо Алесін мае вялізныя веды пра ваенна-прамысловы комплекс, узбраеньне й тэхніку.
Мы яму патэлефанавалі ў запыталі, ці беларусам удасцца выстаяць перад ціскам расейцаў, якія сваё вока палажылі на МЗКЦ ужо даўно? Аналітык лічыць, што ўсё будзе залежыць ад эканамічнай сытуацыі й ад таго, ці Менску будуць даваць крэдыты. Бо калі грошай ня будзе, дык улады, магчыма, будуць прымушаныя прадаць завод.

(на відэа: прэзэнтацыя тэхнікі МЗКЦ)

А чаму Масква гэтак настырна б’ецца за Менскі завод колавых цягачоў? А ўсё вельмі проста: значная частка расейскага рухомага стратэгічнага патэнцыялу разьмешчаная на шасі беларускага завода, кажа Алесін.

Экспэрт пры гэтым зазначае, што па замове менскае прадпрыемства можа пабудаваць любы аўтамабіль любой грузападымальнасьцю, і што такіх заводаў у сьвеце вельмі мала, а ў Расеі ўвогуле няма.

ЗРК
ЗРК «Тор-МК» на шасі МЗКТ-6922/commons.wikimedia.org/Allocer/CC BY-SA 3.0

Прадпрыемства МЗКЦ – гэта ня толькі вайсковая тэхніка, але й аўтамбілі грамадзянскага прызначэньня, якія выпускаюцца пад гандлёвай маркай “Волат”. Пры гэтым завод пастаянна разьвіваецца й выпускае новую прадукцыю, напрыклад, унівэрсальнае шасі МЗКЦ-6922, на якое можна ўстанавіць многія віды ўзбраеньня, у тым ліку зэнітна-ракетныя сыстэмы “Бук-М3” ды “Тор-М2Э”. У сваю чаргу некалькі дзён таму ў інтэрнэце зьявіліся фотаздымкі навейшай распрацоўкі МЗКТ: бронеаўтамабіля пад пакуль што рабочай назвай “Волат”. Нагадаем, што ў партфоліа менчукоў ужо ёсьць адзін бранявік – гэта “Ліс-ПМ”.

(на відэа: выпрабаваньне шасі МЗКЦ-79291)

А пару гадоў таму завод выйграў тэндар на пастаўку ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты 40 танкавозаў. Цікава тое, што менскае прадпрыемства выйграла тэндар, у якім прымалі ўдзел, між іншмы, “Мэрсэдэс”, “МАН”, “Вольва”, “Сканія” й “Татра”. Пры гэтым супраца з арабскай краінай не спыняецца: для арміі ААЭ беларусы распрацавалі звышцяжкі аўтацягнік МЗКЦ-741351, які на дадзены момант праходзіць выпрабаваньні ў Беларусі, а поўны комплекс прыёмачных выпрабаваньняў заплянаваны на ліпень бягучага года ў ААЭ.

Звышцяжкі
Звышцяжкі аўтацягнік МЗКЦ-741351, распрацаваны для арміі ААЭ, фота: volatdefence.com

Ці беларусы могуць ганарыцца тым, што ў іх ёсьць такі завод, - запытылі мы ў Аляксандра Алесіна. Так, бо гэта сучаснае, высокаразьвітае, перадавое і ўнікальнае ў сусьветным маштабе прадпрыемства, зазначыў аглядальнік.

Менскі завод колавых цегачоў пастаўляе сваю прадукцыю ў 30 краін сьвету, у тым ліку ў Расею, ААЭ, Турцыю, Кітай. Завод забясьпечаны кантрактамі па некаторых пазыцыях да 2020 года. Штогод інжынэры завода распрацоўваюць ад двух да сямі новых транспартных сродкаў.

Валеры Саўко

размову з А.Алесіным слухайце ў далучаным файле


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт