Logo Polskiego Radia
Print

Вышаградзкая група супраць забароны начлегу ў фурах

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.05.2016 14:51
Эўракамісія хоча забараніць дальнабойшчыкам спаць у кабінах грузавікоў.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Вышаградзкая група не згаджаецца на ідэю Эўракамісіі ўвесьці забарону на начлег дальнабойшчыкаў у грузавіках. Міністры транспарту Польшчы, Чэхіі, Славаччыны й Вугоршчыны заявілі ў Празе, што яны будуць блякаваць увядзеньне зьменаў па гэтым пытаньні.

Паводле дзейснага эўрапейскага заканадаўства, кіроўцы фураў павінны адпачыць па меншай меры 45 гадзінаў на працягу тыдня для таго, каб не стамляцца за рулём.

Па розных прычынах многія зь іх перапынак у працы праводзяць у кабінах сваіх аўтамабіляў. Менавіта таму Францыя й Бэльгія заклікаюць Эўрапейскую камісію ўвесьці зьмены ў правілы. Ідэю падтрымліваюць таксама Нямеччына й Швэцыя.

Супраць выступаюць краіны Вышаградзкай групы. Паводле іх, ініцыятары ўвядзеньня зьменаў перш за ўсё зацікаўленыя ў абмежаваньні свабоднага перамяшчэньня людзей, а не ў камфорце працы дальнабойшчыкаў.

Прадстаўнікі Вышаградзкай групы зьвяртаюць увагу на тое, што на зьмены не пагаджаюцца агулам 15 краінаў-сябраў Эўразьвязу. Гэта дастаткова, каб заблякаваць прапанаваныя ЭК новаўвядзеньні.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт