Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы дзяржава ўзялася за сымулянтаў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 04.06.2016 09:17
Кампанія сацстрахаваньня правярае актыўнасьць у "Фэйсбуку" грамадзян, якім выдадзены лісток непрацаздольнасьць.
pixabay.com/CC0

Дзяржаўная кампанія сацыяльнага страхаваньня Польшчы (Zakład Ubezpieczeń Społecznych) правярае актыўнасьць у сетцы "Фэйсбук" тых грамадзян, якім выдадзены лісток непрацаздольнасьці па стане здароўя.

Пра гэта паведаміла СМІ афіцыйны прадстаўнік кампаніі Ганна Пэрла (Hanna Perło). Яна падкрэсьліла, што супрацоўнікі ўстановы не правяраюць усіх грамадзян, якія знаходзяцца на бальнічным, бо для гэтага ў іх няма тэхнічных і кадравых магчымасьцей.

Аднак пад лупу супрацоўнікаў кампаніі трапляюць грамадзяне, якія падазрона часта карыстаюцца лісткамі непрацаздольнасьці. Такім чынам кампанія змагаецца зь несумленнымі працаўнікамі, якія для таго, каб мець больш свабоднага часу, сымулююць хваробу альбо дамаўляюцца зь лекарам, каб ён выпісаў «левы» бальнічны ліст. У якасьці прыкладу кампанія сацстрахаваньня прыводзіць гісторыю пэўнага працаўніка, які, будучы на бальнічным, бавіў час у адным з курортаў Эгіпта.

У мінулым годзе кампанія сацстрахаваньня выплаціла дапамогу паводле лістка непрацаздольнасьці амаль 4 млн палякаў.

Дзяржаўная кампанія сацыяльнага страхаваньня Польшчы займаецца зборам сацыяльных узносаў, а таксама выплатай пэнсій, пэнсій па інваліднасьці, сацыяльных дапамог і дапамог у момант непрацаздольнасьці працаўніка. Гадавы бюджэт установы складае ў сярэднім 40 млрд эўра.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт