Logo Polskiego Radia
Print

Краіны Цэнтральнай Эўропы стварылі Ініцыятыву трох мораў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.08.2016 15:50
  • Краіны Цэнтральнай Эўропы стварылі Ініцыятыву трох мораў.mp3
Польшча, Харватыя, Баўгарыя, Аўстрыя, Летува ды іншыя краіны зьбіраюцца разам будаваць аўтастрады й газаправоды.
Прэзыдэнт Вугоршчыны Янаш Адлер, прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайце,  прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзыдэнт Харватыі Калінда Грабар-Кітаравіч, прэзыдэнт Баўгарыі Розэн Плеўнэліеў і прэзыдэнт Славеніі Борут Пагор. Фота: PAP/Jacek TurczykПрэзыдэнт Вугоршчыны Янаш Адлер, прэзыдэнт Летувы Даля Грыбаўскайце, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзыдэнт Харватыі Калінда Грабар-Кітаравіч, прэзыдэнт Баўгарыі Розэн Плеўнэліеў і прэзыдэнт Славеніі Борут Пагор. Фота: PAP/Jacek TurczykPAP/Jacek Turczyk

Лідары 12 краінаў Эўразьвязу, разьмешчаных паміж Адрыятыкай, Чорным і Балтыйскім марамі аб’явілі пра ўзмацненьне супрацоўніцтва. На саміце, які праходзіць у харвацкім Дуброўніку, была створаная Ініцыятыва трох мораў (Three Seas Iniciative). Мэта ініцыятывы – разьвіваць сумесныя праекты ў сфэры энэргетыкі, транспарту, інфарматызацыі й гандлю. Саміт адкрылі прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і прэзыдэнт Харватыі Калінда Грабар-Кітаровіч.

Дэклярацыю пра стварэньне Ініцыятывы трох мораў у харвацкім Дуброўніку падпісалі прэзыдэнты Харватыі, Польшчы, Вугоршчыны, Летувы, Славеніі ды Баўгарыі. Свае подпісы паставілі таксама прадстаўнікі ўрадаў Чэхіі, Славаччыны, Румыніі й Аўстрыі. Прэзыдэнты Польшчы Анджэй Дуда і Харватыі Калінда Грабар-Кітаровіч падкрэсьлілі, што ініцыятыва мае нефармальны характар. Яна дапаўняе працэсы эўрапейскай інтэграцыі, а не супярэчыць ім.

Форум у Дуброўніку – гэта першая сустрэча ініцыятывы. Канкрэтныя сумесныя праекты будуць абмеркаваныя падчас саміту, які пройдзе ў наступным годзе ў польскім Уроцлаве.

/

К. Грабар-Кітаровіч: Мы спадзяемся, што да нашай наступнай сустрэчы ва Ўроцлаве мы сфармулюем праекты, якія будуць канкураваць за фінансаваньне, і якія жывяць нашыя сувязі.

Адна з асноўных тэмаў сустрэчы – гэта супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры. Дамінацыя аднаго пастаўшчыка энэрганосьбітаў стварае пагрозы для ўсяго рэгіёну – заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён пераконваў удзельнікаў сустрэчы ў неабходнасьці дывэрсыфікаваць шляхі пастаўкі газу.

А. Дуда: Нашым флягманскім праектам, які, несумненна, зьменіць энэргетыку рэгіёну, зьяўляецца газавы калідор «Поўнач-Поўдзень». Ён спалучыць нядаўна запушчаны тэрмінал звадкаванага газу ў польскім Сьвінавуйсьцю з тэрміналам на харвацкай высьпе Крк. Стварэньне гэтага калідору дасьць нам магчымасьць атрымліваць звадкаваны газ са шматлікіх крыніцаў – у тым ліку з Паўночнай Афрыкі, Блізкага Ўсходу, Злучаных Штатаў і Канады.

Прэзыдэнт Польшчы таксама заявіў пра неабходнасьць разьвіваць наземныя спалучэньні.

/

А. Дуда: Яны маюць ключавое значэньне як для супрацоўніцтва паміж краінамі нашага рэгіёну, так і для разьвіцьця эканамічных адносінаў з глябальнымі партнэрамі. Нашай сумеснай задачай зьяўляецца стварэньне транспартнага калідору «Балтыка-Адрыятыка». Паляпшэньне транспартнай сеткі ў рэгіёне паспрыяе разьвіцьцю турызму і інтэнсыфікуе кантакты паміж нашымі грамадзтвамі. Перад намі ляжыць шырокае поле для дзейнасьці. Варта прыгадаць, што паміж адной толькі Польшчай і Нямеччынай штодзённа ажыцьцяўляюцца некалькі дзесяткаў рэгулярных авіярэйсаў. Паміж Польшчай і Харватыяй – толькі адзін!

Галоўная мэта Ініцыятывы трох мораў – забясьпечыць каардынацыю інвэстыцыяў у рэгіёне Цэнтральнай Эўропы. Трэба зрабіць так, каб разьвіваючы ўласную інфраструктуру, кожная краіна паляпшала інфраструктуру цэлага рэгіёну – растлумачыў мэты форуму прадстаўнік канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Кшыштаф Шчэрскі.

К. Шчэрскі: Каардынацыя інвэстыцыйных праектаў створыць сынэргію, эфэкт спалучэньня. Яна дапаможа нам не замыкацца ва ўласных межах, шматразова павялічваючы кошты. Каардынацыя дасьць магчымасьць сумеснай працай дасягнуць нашмат лепшых вынікаў.

Перад адкрыцьцём саміту Ініцыятывы трох мораў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся з прэзыдэнтам Летувы Даляй Грыбаўскайце. Кіраўнікі дзьвюх суседніх краінаў абмеркавалі пытаньні вайсковай бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўразьвязе пасьля «Брэксіту».

Прэзыдэнты Польшчы і Летувы перакананыя што найлепшы шлях гарантаваць бясьпеку ва Ўсходняй Эўропе – гэта найхутчэйшае ўвядзеньне ў жыцьцё ўсіх пастановаў нядаўняга саміту NATO ў Варшаве.

/

А. Дуда: Як мы, так і кіраўніцтва Летувы поўныя рашучасьці як мага хутчэй разьмясьціць міжнародныя батальённа-тактычныя групы ў краінах Балтыі і Польшчы, а таксама камандаваньне на ўзроўні дывізіі ў Польшчы. Таксама мы размаўлялі пра разьмяшчэньне амэрыканскіх жаўнераў у рамках польска-амэрыканскага вайсковага супрацоўніцтва.

У першы дзень форуму – у чацьвер, лідары 12 краінаў абмяркоўвалі пытаньні міжнароднай палітыкі. Увечары яны падпісалі дэклярацыю пра стварэньне нефармальнага палітычнага мэханізму каардынацыі і супрацоўніцтва. Пятніцу ўдзельнікі Ініцыятывы трох мораў прысьвяцілі абмеркаваньню канкрэтных эканамічных пытаньняў у сфэры энэргетыкі, транспарту і інфарматызацыі.

Падрыхтаваў Аляксандар Папко

Фота: PAP/Jacek Turczyk

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт