У Аб'яднаных Арабскіх Эміратах дазволяць перасадку органаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.09.2016 07:33
Закон уступіць у сілу пасьля яго публікацыі, то бок праз шэсьць месяцаў.
Photo: pixabay.com
Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ўводзяць новы закон, які дазваляе перасадку органаў і тканак ад жывых і мёртвых донараў. Закон таксама ўводзіць паняцьце сьмерці мазгавога ствала.
Адназначных правілаў па трансплянтацыі органаў у ААЭ чакалі доўга. „Новы закон рэгулюе пытаньні перасадкі органаў і тканак чалавека, што дазволіць выратаваць шмат людзей”, - сказаў доктар Амін Аль Амір, памочнік дзяржсакратара ў Міністэрстве аховы здароўя.
Арабы ў Эміратах асабліва пакутуюць ад захворваньня нырак. Для многіх зь іх перасадка - гэта адзіны шанец на выратаваньне. У цяперашні час у чарзе на трансплянтацыю чакае больш за 2 тысячы пацыентаў. Апрача нырак, у сьпісе органаў для перасадкі ёсьць таксама сэрца, печань, лёгкія й падстраўнікавая залоза.
Ня ўсе мусульманскія краіны дазваляюць перасадку органаў. Уведзенае ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах паняцьце сьмерці мазгавога ствала
дзейнічае ўжо ў Саудаўскай Арабіі, Ярданіі й Кувэйце. Больш радыкальныя шыіты забараняюць перасадку органаў і тканак ад мёртвых донараў.
Польскі лекар Войцех Кучак (Wojciech Kruczak), які працуе ў шпіталі непадалёк ад Дубая, нагадвае, што ў мусульманскай рэлігіі дзейнічае велізарная павага да цела. Пахаваньне павінна адбыцца празь некалькі гадзін пасьля сьмерці чалавека. „Яны нават ня могуць сабе ўявіць, што нябожчыка можна трымаць у халадзільнай камэры”, - кажа лекар.
Закон аб перасадцы ўступіць у сілу праз шэсьць месяцаў пасьля яго публікацыі, то бок у сакавіку наступнага году.
аз