Logo Polskiego Radia
Print

Імёны ахвяраў сталінскага тэрору зачыталі ў Варшаве (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 31.10.2016 17:41
  • Імёны ахвяраў сталінскага тэрору зачыталі ў Варшаве.mp3
«Вяртаньне імёнаў» праводзіцца дзеля таго, каб вярнуць годнасьць загінулым і абудзіць суперажываньне жывых.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Напярэдадні Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Варшаве ўжо ў другі раз прайшла акцыя «Вяртаньне імёнаў», арганізаваная Асацыяцыяй «За свабодную Расею». Палякі, расейцы, украінцы й беларусы, якія жывуць у польскай сталіцы, на працягу некалькіх гадзінаў чыталі імёны тых, чыё жыцьцё абарваў чырвоны тэрор. На акцыі «Вяртаньне імёнаў» пабываў Аляксандар Папко.

Афіцэры Войска Польскага, школьныя настаўнікі, сяляне, лесарубы, паэты, якія ляжаць у безыменных магілах у смаленскай Катыні, у Курапатах пад Менскам, кіеўскай Быкоўні ды Бутаўскім палігоне пад Масквой... У суботу 29 кастрычніка іх прыгадалі ля помніка ахвярам Катыні ў Варшаве, нягледзячы на восеньскі холад, некалькі дзесяткаў людзей прыйшлі ў цэнтар польскай сталіцы, каб запаліць зьнічы й зачытаць імёны тых, каго забіла машына сталінскага тэрору.

На лістках паперы, якія раздавалі ўдзельнікам акцыі, знаходзілася па 5 імёнаў. Гэта імёны палякаў, беларусаў, расейцаў, украінцаў, габрэяў, латышоў, фінаў і прадстаўнікоў іншых народаў, расстраляных савецкімі карнымі ворганамі на тэрыторыі Беларусі, Украіны й Расеі.

Імя, узрост, прафэсія, месца расстрэлу – гэта вельмі сухая інфармацыя. Аднак нават некалькі словаў дазваляюць ператварыць бязьлікія радкі статыстыкі сталінскага тэрору ў рэальных людзей. «Вяртаньне імёнаў» праводзіцца дзеля таго, каб вярнуць годнасьць загінулым і абудзіць суперажываньне жывых – кажа адна з арганізатарак акцыі, прадстаўніца Асацыяцыі «За свабодную Расею» Валянціна Чубарава.

/

Валянціна Чубарава: Гэтая акцыя патрэбная ня мёртвым, яна патрэбная жывым. Насамрэч, мы самі перажываем нешта вельмі важнае ў той момант, калі гэта чытаем. Калі гэтая акцыя пачыналася 9 гадоў таму ў Маскве, то ніхто не мог сабе ўявіць, наколькі масавай яна стане ў Расеі. Сёньня мы зачытаем імёны, якія датычаць розных дыяспараў, што жывуць у Варшаве. Аднак гэтая акцыя дазваляе паглядзець шырэй і ўбачыць, што сталінскі тэрор – гэта адна агульная трагедыя. Нават тыя некалькі словаў, якія мы зачытваем пра чалавека – гэта вельмі шмат, бо пра многіх людзей няма ніякай інфармацыі. Калі мы можам памянуць чалавека хаця б двума словамі – гэта ўжо штосьці.

Памятаць пра тых, хто трагічна загінуў ад рук тыранаў – гэта абавязак свабоднага й гуманнага чалавека, кажа адзін з удзельнікаў акцыі лідар польскай партыі «Зялёныя» Марэк Касакоўскі.

/

Марэк Касакоўскі: Імя – гэта напамін пра чалавечую асобу. Цяжка спачуваць 10 мільёнам забітых. Мы прыгадваем канкрэтнага чалавека, які меў свае пачуцьці, перакананьні, у нешта верыў, і быў за гэта забіты.

Для вельмі многіх «вяртаньне імёнаў» – гэта асабістая акцыя. Яна дае нагоду памянуць сваіх родных, жыцьцё якіх забралі рэпрэсіі. Вельмі часта пра гэтых людзей маўчалі дзесяцігодзьдзямі – кажа сябра Асацыяцыі «За свабодную Расею» Марыя Макарава.

/

Марыя Макарава: Сямейная легенда казала, што мой прадзядуля быў танкістам і загінуў падчас Другой сусьветнай вайны. А насамрэч ён быў раскулачаным селянінам, якога саслалі ў Сібір, адкуль ён ужо не вярнуўся. Мне падаецца, што такая акцыя, як «Вяртаньне імёнаў», дае выдатную нагоду, каб пачаць размаўляць пра гісторыю сваёй сям’і.

Ані ў Беларусі, ані ў Расеі дзяржава не расьсьледавала й не асудзіла злачынствы камунізму. Таму абавязак памяці сёньня ляжыць на плячах звычайных грамадзянаў – кажа адна з удзельніцаў акцыі Марыя Хармаст.

/

Марыя Хармаст: Трэба ўзгадваць усіх ахвяраў таталітарызму 20-га стагодзьдзя, але ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў заслугоўваюць асаблівай увагі, бо іх ніхто не ўспамінаў, ніхто не судзіў і не асудзіў іх катаў. Памятаць пра іх – наш чалавечы абавязак.

У сёньняшніх Расеі й Беларусі тэма сталінскіх рэпрэсіяў стала больш надзённай і балючай, чым дзесяць-пятнаццаць гадоў таму. Гэта адбылося не ў апошнюю чаргу з-за таго, што ў расейскіх СМІ нашмат мацней загучалі галасы прыхільнікаў сталінскай імпэрскай ідэі, а жывых сьведак жахлівага камуністычнага тэрору ўжо не засталося – кажа Валянціна Чубарава. Сталінскія часы сталі бліжэйшымі, чым былі два дзесяцігодзьдзі таму.

Валянціна Чубарава: Цяпер вырасла іншае пакаленьне. Пакаленьне нашых бацькоў хутка перасыцілася адкрыцьцямі Перабудовы, маўляў: «Усё, мы даведаліся, сапраўды расстрэльвалі, так, гэта жахліва», – і пабеглі далей, не адчуўшы гэтай трагедыі, не усьведаміўшы яе. А цяпер высьветлілася, што нам гэта патрэбна. Людзі хочуць гаварыць пра гэта зь дзецьмі, бо высьветлілася, што дзеці пра рэпрэсіі ня ведаюць. Акрамя таго, сталіністы таксама пачалі выходзіць з падпольля. Доўгі час гэтая тэма была маргінальнай. А сёньня атрымалася так, што людзі пачалі вызначацца са сваім стаўленьнем да сталінскіх рэпрэсіяў. Вельмі многія ў нас хаваюць галаву ў пясок як ад мінулага, так і ад дня цяперашняга. І я думаю, што «Вяртаньне імёнаў» прымушае нас выцягнуць галаву зь пяску.

За дзьве гадзіны жыхары Варшавы пасьпелі зачытаць імёны 500 людзей загінулых ад рук НКВД. Напярэдадні і ў Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў акцыі «Вяртаньне імёнаў» прайшлі ў Маскве, Пецярбургу, Арэнбургу, Пензе, Вашынгтоне й Лёндане.

Аляксандар Папко

/

/

/


/

У матэрыяле выкарыстаная музыка Ўладзімера Мартынава з кінафільму “Халоднае лета 53-га”.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт