Logo Polskiego Radia
Print

Рада БНР далучылася да польска-ўкраінскай дэклярацыі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.11.2016 07:29
20 кастрычніка Польшча і Ўкраіна прынялі Дэклярацыі памяці й салідарнасьці.
Foto: Kasia_Jot/flickr.com

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнаньні далучылася да Дэклярацыі памяці й салідарнасьці, прынятай 20 кастрычніка Польшчай і Ўкраінай.

У дэклярацыі ўшаноўваецца памяць мільёнаў ахвяраў агрэсіі й акупацыі краінаў нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам, змагароў антынацысцкага й антыкамуністычнага супраціву. Зьвяртаецца ўвага на пакт Молатава — Рыбэнтропа, які „прывёў да выбуху 1 верасьня 1939 году Другой сусьветнай вайны, выкліканай агрэсіяй Нямеччыны, да якой 17 верасьня далучыўся Савецкі Саюз”. Таксама згадваецца Ялцінская канфэрэнцыя 1945 году, што прывяла да „зьняволеньня ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, якое цягнулася паўстагодзьдзя”.

У дэклярацыі таксама гаворыцца пра агрэсіўную зьнешнюю палітыку сучаснай Расеі, акупацыю Крыму, падтрымку й зьдзяйсьненьне Расеяй інтэрвэнцыі на ўсходзе Ўкраіны, што „нясе пагрозу міру й бясьпецы ўсёй Эўропы”.

„Падкрэсьліваем неабходнасьць згуртаванасьці дзеяньняў у межах Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы супраць новых пагрозаў і выказваем падтрымку паглыбленьню супрацоўніцтва альянсу з Украінай і яе стратэгічнай мэце атрымаць сяброўства ў NATO, — гаворыцца ў канцы дэклярацыі. — Мы заклікаем усіх эўрапейскіх партнэраў паказаць адзінства й міжнародную салідарнасьць і абараняць аб’яднаную Эўропу ад вонкавай агрэсіі. Заклікаем народы ўсёй Эўропы памятаць аб прычынах і наступствах Другой сусьветнай вайны, а таксама прыкласьці супольныя намаганьні для абароны бясьпекі й свабоды”.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт