Сёньня ў Варшаве адбудзецца 15 масавых мерапрыемстваў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
11.11.2016 08:17
З нагоды Дня Незалежнасьці польскую сталіцу чакаюць сур'ёзныя зьмены ў руху транспарту.
Стары горад у Варшаве photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0.
Сёньня, 11 лістапада, у Дзень Незалежнасьці Польшчы ў Варшаве адбудзецца 15 масавых мерапрыемстваў: дэманстрацый і маршаў. Пра гэта Польскаму радыё паведамілі ў бюро бясьпекі сталічнай мэрыі.
За некалькі дзён да 11 лістапада арганізатары мерапрыемстваў прынялі ўдзел у сустрэчах з прадстаўнікамі гарадзкіх улад і паліцыі, падчас якіх былі агавораныя прынцыпы бясьпекі і ўстаноўленыя трасы дэманстрацый. Гарадзкія ўлады адмовіліся рэгістраваць толькі адно мерапрыемства (у Польшчы законы не патрабуюць дазволу на правядзеньне масавага мерапрыемства, а толькі рэгістрацыю – рэд.).
Улады Варшавы папярэджваюць, што ў сувязі з акцыямі ў значнай ступені будуць зьмененыя маршруты гарадзкога транспарту.
Масавыя мерапрыемствы ў Дзень Незалежнасьці Польшчы заплянавалі розныя асяродзьдзі й арганізацыі: ад нацыяналістаў і права-радыкалаў па сацыял-дэмакратаў і прафсаюзы. Сярод мерапрыемстваў ёсьць таксама забег, у якім прыме ўдзел прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Дзень Незалежнасьці Польшчы адзначаецца ў памяць аб вяртаньні краінай незалежнасьці ў 1918 годзе пасьля 123 гадоў адсутнасьці на геапалітычнай мапе, якая была вынікам падзелу дзяржавы паміж трыма імпэрыямі.
вс