Logo Polskiego Radia
Print

Польшча пратэстуе супраць выказваньня расейскага амбасадара

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.11.2016 14:01
МЗС: Расея ня мае права навязваць нам спосаб расьсьледаваньня Смаленскай авіякатастрофы.
Photo:Adrian Grycuk - Praca własna/pl.wikipedia.org./CC BY-SA 3.0 pl

Міністэрства замежных справаў Польшчы заявіла, што Расея ня мае ніякіх прававых падстаў навязваць Польшчы спосаб і тэрмін завяршэньня расьсьледаваньня Смаленскай авіякатастрофы. Заява польскага МЗС - гэта адказ на інтэрвію, якое амбасадар Расеі Сяргей Андрэеў даў парталу Wirtualna Polska.

Паводле Міністэрства замежных спраў Польшчы, словы амбасадара - гэта спроба навязаць польскім сьледчым кірунак расьсьледаваньня. Апрача таго, выказваньне расейскага амбасадара сьведчыць пра тое, што Расея намерваецца надалей адтэрміноўваць выдачу абломкаў урадавага самалёта Ту-154М, якія зьяўляюцца ўласнасьцю Рэспублікі Польшча.

У інтэрвію парталу Wirtualna Polska расейскі амбасадар сказаў, між іншым, што расьсьледаваньне прычынаў крушэньня польскага ўрадавага самалёта, якое вядзецца ў Расеі, будзе працягвацца да таго часу, пакуль польскі бок не прызнае справаздачу МАК сапраўднай. Да таго часу абломкі Ту-154М ня будуць вернутыя ў Польшчу. Сяргей Андрэеў таксама дадаў, што Сьледчы камітэт Расеі павінен праверыць усе „новыя вэрсіі прычын катастрофы, новыя здагадкі, тлумачэньні й новыя пытаньні”, якія ўзьнікаюць у Польшчы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт