Logo Polskiego Radia
Print

У чым крамлёўскія прапагандысты пераконваюць беларусаў, украінцаў і палякаў?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.12.2016 22:53
  • У чым крамлёўскія прапагандысты пераконваюць беларусаў, украінцаў і палякаў.mp3
Праз якія каналы Крэмль распаўсюджвае дэзінфармацыю ў трох краінах і як ёй супрацьстаяць – расказалі ўдзельнікі дыскусіі ў Варшаве.
Рэдактар eastbook.eu  Кшыштаф Нячыпар, Алена Вараб'ёва, Алесь Зарэмбюк і Пётр Мацёнжак - удзельнікі дыскусіі «Фэйкі, тролі й іншыя інструмэнты крамлёўскай прапаганды». Рэдактар eastbook.eu Кшыштаф Нячыпар, Алена Вараб'ёва, Алесь Зарэмбюк і Пётр Мацёнжак - удзельнікі дыскусіі «Фэйкі, тролі й іншыя інструмэнты крамлёўскай прапаганды». Aliaksandr Papko/radyjo.net

Расейскі ўрад ператварыў СМІ ў вельмі эфэктыўны інструмэнт зьнешняй палітыкі й нават вядзеньня вайны. Пасланьні, якія распаўсюджваюць крамлёўскія прапагандысты, старанна дапасаваныя да кожнай краіны. Праз якія каналы Крэмль распаўсюджвае дэзінфармацыю ў Польшчы, Беларусі і Ўкраіне? Як супрацьстаяць гэтай дэзінфармацыі? На гэтыя патаньні спрабавалі адказаць удзельнікі дыскусіі «Фэйкі, тролі й іншыя інструмэнты крамлёўскай прапаганды», арганізаванай у Варшаве парталам Eastbook.eu. На дыскусіі пабываў Аляксандар Папко.

Праводзячы інфармацыйныя апэрацыі, Крэмль перасьледуе некалькі стратэгічных мэтаў – кажа аналітык польскага парталу Defence24.pl Пётр Мацёнжак. Па-першае, расейскі ўрад хоча ператварыць Расею ў панрэгіянальную дзяржаву – гэта значыць краіну, чые ўплывы выходзяць за межы постсавецкай прасторы. Другая мэта – гэта стварэньне мультыпалярнага сьвету, дзе ў Расеі была б гарантаваная сфэра ўплыву, а сусьветныя праблемы вырашаліся «канцэртам вялікіх дзяржаваў», як гэта было ў ХІХ стагодзьдзі.

Тактычныя мэты, якія Расея перасьледуе ў кожнай асобнай дзяржаве, даволі моцна адрозьніваюцца. Напрыклад, у Польшчы крамлёўскія прапагандысты стараюцца перашкодзіць мадэрнізацыі арміі, умацаваньню энэргетычнай незалежнасьці, а таксама спрыяюць унутрыпалітычнай дэстабілізацыі – кажа Пётр Мацёнжак.

/

Пётр Мацёнжак: Расея стараецца запаволіць мадэрнізацыю польскай арміі. Таксама Крэмль вельмі непакояць пляны Польшчы дывэрсыфікаваць пастаўкі газу, напрыклад, пабудаваць газаправод у Нарвэгію. Яго запуск можа прывесьці да таго, што Польшча ня толькі будзе ў стане поўнасьцю забясьпечыць сябе нарвэскім газам, але й зможа пастаўляць яго ва Ўкраіну. Ну і канешне, крамлёўскія СМІ цікавіць падтрымка палітычнай нестабільнасьці. Калі грамадзтва моцна падзеленае, Крамлю лягчэй дасягаць пэўных мэтаў.

У Беларусі зьвязаныя з Крамлём СМІ стараюцца дыскрэдытаваць саму ідэю беларускай дзяржаўнасьці і рыхтуюць глебу для пераходу ўлады ў рукі прарасейскіх сілаў – лічыць старшыня Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

/

Алесь Зарэмбюк: Галоўная мэта крамлёўскай прапаганды ў Беларусі – гэта аслабленьне беларускай дзяржаўнасьці. У апошнія месяцы ўчасьціліся публікацыі, у якіх ставіцца пад сумнеў неабходнасьць беларускай дзяржаўнасьці, сам працэс беларукага нацыяўтварэньня. Кіраваныя Крамлём СМІ рыхтуюць глебу для разьвіцьця сытуацыі, якая будзе больш карыснай для расейскага кіраўніцтва.

Ва Ўкраіне крамлёўскія прапагандысты ўжо наўрад і могуць пераканаць грамадзянаў, што незалежная дзяржава ім не патрэбная. Затое яны стараюцца падагрэць расчараваньне Майданам і яго ідэямі – кажа ўкраінская журналістка Алена Вараб’ёва.

/

Алена Вараб’ёва: Людзей бамбардуюць тэзісамі, кшталту «Майдан прайшоў, але сваіх мэтаў не дасягнуў». Маўляў, Украіна не атрымала бязьвізавага рэжыму, жыцьцё не палепшылася, а пагоршылася. Чалавека пераконваюць у тым, што калі б Майдану не было, то жыцьцё было б лепшае. Яго прымушаюць думаць, што пратэставаць на Майдане было ня варта, а лепш было б вярнуцца да прарасейскага шляху. Хаця насамрэч збліжэньне з Эўропай ідзе, а ў тым, што рэформы затармазіліся, вінаватыя палітыкі, а не людзі, якія выходзілі на Майдан, каб абараняць свабоду слова, свабоду мысьленьня.

Хто перадае прапаганду расейскага ўраду і праз каго дзейнічаюць камлёўскія піяршчыкі? У Польшчы прапаганду распаўсюджваюць праз свае заявы афіцыйныя прадстаўнікі расейскіх уладаў, фірмы, нанятыя для лябаваньня інтарэсаў Масквы, вядомыя экспэрты, з якімі крамлёўскім піяршчыкам удалося «пасябраваць», а таксама створаныя Масквой СМІ, кшталту агенцтва Sputnik – пералічвае Пётр Мацёнжак.

На думку аналітыка, нярэдка выкарыстоўваюцца й кантраляваныя ўцечкі інфармацыі. У польскія СМІ прасоўваюцца сэнсацыі, якія дыскрэдытуюць краіну. Так, у кастрычніку польскія інтэрнэт-парталы перадрукавалі навіну, пра тое, што Егіпет нібыта перадаў Расеі нядаўна набытыя верталётаносцы «Містраль». Нягледзячы на тое, што навіна зьвялася на малавядомым расейскім сайце, многія польскія рэдакцыі пагналіся за сэнсацыяй, і ў выніку нават міністар абароны паверыў у фэйк і агучыў яго з парлямэнцкай трыбуны.

У Беларусі прапаганду пераносяць перш за ўсё вялікія расейскія тэлеканалы, якія дамінуюць у беларускай інфармацыйнай прасторы – кажа грамадзкі актывіст Алесь Зарэмбюк.

Алесь Зарэмбюк: У першую чаргу, гэта расейскія фэдэральныя каналы, якія глядзіць уся Беларусь: гэта НТВ, РТР, «Первый канал». У апошні час Расея дзейнічае і праз інфармацыйны партал sputnik.by, а таксама праз мноства групаў у сацыяльных сетках – такіх, як «Одноклассники» і «Вконтакте». У гэтых групах зьбіраюць людзей, якія вельмі прыхільна ставяцца да Ўладзімера Пуціна, да ідэі «русского мира».

Ва Ўкраіне расейская прапаганда прысутная ў асноўным у інтэрнэце і ў тэлепрасторы ўсходніх рэгіёнаў – там, дзе прымаецца расейскі тэлевізійны сыгнал, кажа Алена Вараб’ёва. Галоўная тактыка, якую прымяняюць крамлёўскія тролі – стварэньне інфармацыйнага шуму. Яны стараюцца заблытаць людзей, каб яны не разумелі, дзе праўда, а дзе выдумка, і ў выніку даверыліся старым савецкім стэрэатыпам.

Як змагацца з масава прадукаванай хлусьнёй? Адказам на крамлёўскую прапаганду павінна стаць стварэньне якасных і цікавых праграмаў – лічыць Алена Вараб’ёва. Журналістцы падабаецца ідэя стварыць расейскамоўны тэлеканал для ўсёй постсавецкай прасторы. Аднак стварыць яго можа толькі Эўразьвяз – лічыць Алена Вараб’ёва.

Алена Вараб’ёва: Мы не павінныя змагацца супраць прапаганды. Мы павінныя стараць альтэрнатыўныя крыніцы вартай даверу інфармацыі. І гэтая інфармацыя павінна быць цікавай, зьмястоўнай. Трэба даваць якасна новы й цікавы прадукт, а не рабіць пародыі на расейскія тэлешоў, узгадваць цытаты Кісялёва ды іншых прапагандыстаў. Калі мы гэта робім, то мы іх піярым. А мы павінныя ствараць сваіх зорак, увогуле адыходзіць ад расейскага кантэксту. Аднак вялікі інфармацыйны праект ня можа рабіцца ў адзіночку Беларусьсю ці Ўкраінай. Ён павінен быць падтрыманы Эўразьвязам, таму што каштуе вельмі дорага. Бюджэт тэлеканалу Russia Today большы, чым вайсковы бюджэт Украіны.

Каб перамагчы дэзінфармацыю, трэба, перш за ўсё, павялічыць эфэктыўнасьць працы спэцслужбаў – лічыць Пётр Мацёнжак. Таксама трэба вучыць журналістаў адрозьніваць праўду ад хлусьні й падтрымліваць блёгераў, якія займаюцца факт-чэкінгам. Стварэньня антыпода Russia Today польскі экспэрт ня лічыць рэалістычнай ідэяй.

Пётр Мацёнжак: На мой погляд, праект эўрапейскага тэлеканалу, які павінен стаць адказам на Russia Today, не спрацуе. Эўрапейскія краіны праводзяць розную інфармацыйную палітыку. Некаторыя хочуць супрацоўнічаць з Расеяй, напрыклад, у эканамічных пытаньнях. Па-другое, канцэпцыя інфармацыйнага, навіннага тэлебачаньня ня будзе цікавая для ўсходнеэўрапейскага гледача. Ён прывык да расейскіх тэлеканалаў, дзе вельмі многа забаўляльнага кампанэнту, а кампанэнт інфармацыйны зьяўляецца толькі дадаткам. А забаўляльныя перадачы каштуюць вельмі дорага.

У Беларусі змагацца з прапагандай «русского мира» трэба падтрымкай недзяржаўных СМІ – падкрэсьлівае Алесь Зарэмбюк. Аднак фінансаваньне іх у апошні час не павялічваецца, а наадварот, скарачаецца.

Алесь Зарэмбюк: Вельмі важна, каб у Беларусі працавалі незалежныя СМІ. Цяпер для іх працы ёсьць большыя магчымасьці – магчымасьці здымаць матэрыялы, публікаваць, распавядаць пра сытуацыю ў Беларусі – таму што цяпер адбываецца дыялёг паміж Захадам і беларускімі ўладамі. Але ж сытуацыя і з тэлеканалам «Белсат» і з іншымі незалежнымі беларускімі СМІ пагаршаецца. У іх становіцца ўсё менш фінансавых магчымасьцяў, каб працаваць. Такія праекты, як Радыё «Рацыя», як «Белсат», шэраг сайтаў і групаў у сацыяльных сетках зьяўляюцца альтэрнатывай крамлёўскай прапагандзе. Калі яны будуць яскравымі й моцнымі, расейскае кіраўніцтва ня зможа так масава ўплываць на беларускую грамадзкую думку.

Як недзяржаўным, так і дзяржаўным беларускім СМІ трэба рэклямаваць усё беларускае, паказваючы, што беларусы – гэта асобная эўрапейская нацыя. Такі антыдот крамлёўскай прапагандзе фармулюе Алесь Зарэмбюк.

«СМІ павінныя паказваць, што мы – асобная эўрапейская нацыя, якая мае доўгую гісторыю, заўсёды была суседам Расеі, але зьяўляецца не «расейцамі са знакам якасьці», а абсалютна іншым народам, які павінен вярнуцца ў эўрапейскую сям’ю», – падсумоўвае грамадзкі актывіст.

Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт