Logo Polskiego Radia
Print

Суд абавязаў Карманава даць абвяржэньне артыкула

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.12.2016 07:37
Артыкул датычыў радыенуклідаў у малаку, якое трапляе на прадпрыемства „Мілкавіта”.
pixabay.com/Public Domain CC0

Карэспандэнт агенцтва Associated Press (AP) Юрый Карманаў абавязаны напісаць абвяржэньне свайго артыкула пра перавышэньне гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі радыенуклідаў у малаку, якое трапляе на гомельскае прадпрыемства „Мілкавіта”. Такое рашэньне 22 сьнежня вынес эканамічны суд Менска, задаволіўшы такім чынам іск аб абароне дзелавой рэпутацыі гэтага прадпрыемства.

Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), паводле рашэньня суду абвяржэньне павінна быць апублікавана на сайце Associated Press. Аднак „Мілкавіта” судзілася з журналістам у прыватным парадку, таму агенцтва, якое не была прыцягнута ў якасьці суадказчыка, не абавязана публікаваць абвяржэньне, сьцьвярджаюць прадстаўнікі БАЖ.

Таксама Карманаў абавязаны пакрыць дзяржпошліну (840 дэнамінаваных рублёў) і паслугі адваката з боку ААТ „Мілкавіта” (1.500 дэнамінаваных рублёў).

Юрый Карманаў мае намер абскардзіць рашэньне суду.

Нагадаем, 25 красавіка на сайце AP быў апублікаваны матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што ў малаку фэрмэрскай гаспадаркі „Родны шлях” (Хойніцкі раён, Гомельская вобласьць), якое паступае на гомельскае прадпрыемства „Мілкавіта”, выяўлена ўтрыманьне стронцыю-90, якое дзесяціразова перавышае норму. Такія высновы журналісты зрабілі пасьля аналізу ўзораў малака ў галоўнай лябараторыі Менскага цэнтра гігіены й эпідэміялёгіі.

У сталічным цэнтры гігіены й эпідэміялёгіі гэтыя дадзеныя абверглі, заявіўшы, што па ўтрыманні цэзію-137 малако адпавядала норме, а вымярэньне на стронцый-90 не праводзілася з прычыны недастатковасьці дастаўленага аб'ёму малака. Недакладнай назвалі публікацыю і ў кампаніі „Мілкавіта”. Пасьля гэтага Карманаў апублікаваў здымак адпаведнага пратакола вымярэньняў у СМІ.

Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі правёў праверку па гэтым факце й не знайшоў перавышэньня радыенуклідаў у малаку гаспадаркі „Родны шлях”.

Прадстаўнікі „Мілкавіты” праз суд запатрабавалі ад Карманава „абвергнуць заведама лжывыя зьвесткі” на сайце AP, а таксама на сямі беларускіх, польскіх і расійскіх сайтах, якія перадрукавалі матэрыял агенцтва.

belapan.com/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт