Logo Polskiego Radia
Print

Кім былі тры каралі?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.01.2017 11:11
Апостал Мацьвей называе іх мудрацамі, магамі й астролягамі, а традыцыя – каралямі.
Тры каралі (вешчуны)Тры каралі (вешчуны)James Tissot - Minneapolis Institute of Artspl/wikipedia.org/Domena publiczna

Сьвята Богаяўленьня называюць інакш сьвятам Трох каралёў. Кім былі таямнічыя госьці, якія з розных куткоў сьвету прыбылі сустрэць нованароджанага Езуса? Над гэтым задумоўваецца выданьне „Polska The Times”.

Апостал Мацьвей называе іх мудрацамі, магамі й астролягамі, а традыцыя – каралямі. Аднак паводле ксяндза прафэсара Станіслава Галаса, гэта былі трое язычніцкіх магаў. „Таму правільна сьвята Эпіфаніі ўжо ў старажытнасьці лічылася сьвятам аб’яўленьня добрай навіны язычнікам”, - кажа кіраўнік Катэдры экзэгезы Новага запавету Ўнівэрсытэту Яна Паўла ІІ у Кракаве.

У тым, што гэта былі магі, згодныя таксама аўтары камэнтароў да Эвангельля. Аднак Папа рымскі Бэнэдыкт XVI, які дасьледаваў дзяцінства Езуса з Назарэту, нагадвае, што ў „гістарычных крыніцах слова „маг” мае шмат значэньняў - ад станоўчага па нэгатыўнае”.

Несумненна, Мацьвей пад словам „маг” разумее пэрсідзкую сьвятарскую касту, то бок студэнтаў рэлігійных і філязофскіх ведаў.

Апостал Мацьвей ня кажа, колькі магаў прыбыло з Усходу. Пазьнейшая народная традыцыя таксама называе розную іх колькасьць - пачынаючы ад двух - заканчваючы на больш за дзесяці. Аднак найчасьцей, дарэчы на падставе колькасьці падарункаў, якія яны прынесьлі маленькаму Езусу, лічылася, што каралёў было трох.

Пад уплывам літургічных тэкстаў з VI стагодзьдзя магаў сталі называць каралямі, а з ІX стагодзьдзя яны атрымалі імёны, то бок Каспар, Мэльхіёр і Бальтазар.

У сярэднявеччы іх ушаноўвалі як апекуноў падарожных, у тым жа часе ўзьнікла традыцыя бласлаўленьня дамоў, дзеля чаго выкарыстоўвалася вада й кадзіла, а крэйдай пісалі на дзьвярах літары C+M+B. Прынята думаць, што гэтыя літары азначаюць менавіта імёны трох каралёў. Аднак на самой справе яны навязваюць да першых літараў лацінскага сказу: „Christus mansionem benedicat”, то бок „Хай блаславіць Хрыстос гэты дом”, нагадвае выданьне „Polska The Times”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт