Logo Polskiego Radia
Print

Не паварочваеш налева - эканоміш мільёны даляраў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.02.2017 20:55
Дзякуючы гэтаму фірма штогод ашчаджае каля 40 млн літраў паліва.
Кур'ерскі аўтамабіль UPSКур'ерскі аўтамабіль UPScommons.wikimedia.org/Lohne1997/public domain

Ня ўсе ведаюць, што кіроўцы сусьветнай курʼерскай кампаніі UPS за рэдкім выключэньнем ня могуць паварочваць налева.

У 1980-я гады авіякампанія American Airlines дзякуючы таму, што ў кожную порцыю бартавога харчаваньня дадавала на адну масьліну менш, штогод ашчаджала ажно 100 тыс. даляраў! Па падобным шляху нейкі час таму вырашылі пайсьці ўлады UPS. Бухгальтары фірмы падлічылі, што пры кіраваньні аўтамабілем больш аплачваецца павярнуць тры разы направа, чым раз налева. Пры дапамозе кампутараў, сыстэмы GPS і іншых сучасных тэхналёгій кампанія распрацоўвае трасы так, каб курʼеры паварочвалі налева пры крайняй неабходнасьці.

Акрамя таго, праграма гэтак пракладвае трасу руху курʼерскага аўтамабіля, каб пазьбягаць затораў, скрыжаваньняў са сьвятлафорамі й вуліц, дзе могуць узьнікнуць праблемы з праездам. Пры гэтым траса можа быць даўжэйшай па працягласьці, бо пры разьліку перш за ўсё бярэцца пад увагу эканамічны фактар.

Дзякуючы такому новаўвядзеньню фірма штогод ашчаджае каля 40 млн літраў паліва, а аўто кампаніі выкідваюць у атмасфэру менш вуглякіслага газу на 20 тыс. тон. Пры гэтым колькасьць дастаўленых пасылак і лістоў вырасла на 350 тыс.

Зразумела, у краінах з правабаковым рухам, напрыклад, у Аўстраліі й Вялікабрытаніі, аўтамабілі UPS пазьбягаюць паваротаў направа.

UPS - буйная амэрыканская глябальная кампанія, якая спэцыялізуецца на экспрэс-дастаўцы й лягістыцы. Мае ўласную авіякампанію, UPS Airlines, са сваім паркам рэактыўных самалётаў, якая зьяўляецца дзявятай у сьвеце па памеры флёту.

Ва ўсім сьвеце працаўладкоўвае больш за 425 тыс. супрацоўнікаў і абслугоўвае больш за 200 краін.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт