Logo Polskiego Radia
Print

Саньнікаў: Лукашэнку трэба прымусіць аб’явіць свабодныя выбары

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.03.2017 19:44
  • Саньнікаў Лукашэнку трэба прымусіць аб’явіць свабодныя выбары.mp3
Да гэтага Лукашэнку павінны схіляць пратэстоўцы, апазыцыя й заходнія ўрады – заявіў палітык.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Сацыяльныя пратэсты ў Беларусі будуць нарастаць. Каб пазьбегнуць катастрофы, улады Беларусі павінныя дамовіцца з апазыцыяй пра правядзеньне свабодных выбараў, і да такіх перамоваў Лукашэнку павінен падштурхоўваць Захад. Пра гэта на дыскусіі ў Варшаве заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», Андрэй Саньнікаў. Дыскусія «Беларусь-Польшча: новыя шанцы ці старыя граблі?» з удзелам Андрэя Саньнікава і былога намесьніка міністра замежных справаў Польшчы Паўла Коваля нядаўна прайшла ў сьценах Варшаўскага ўнівэрсытэта. З беларускім і польскім палітыкамі размаўляў Аляксандар Папко.

Сацыяльныя пратэсты, якія цяпер праходзяць па ўсёй Беларусі, паказалі, што беларускае грамадзтва хоча ня толькі эканамічных, але й палітычных пераменаў – заявіў на дыскусіі ў Варшаве Андрэй Саньнікаў. Людзі жадаюць свабодных выбараў. Да перамоваў з апазыцыяй і правядзеньня выбараў Лукашэнку павінна схіляць як апазыцыя, так і заходнія ўрады – заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

/

Андрэй Саньнікаў: 25 сакавіка, на маю думку, будзе вельмі вялікая акцыя. Людзі цяпер выразна даюць мандат апазыцыі. Яны кажуць: «Мы ня будзем задаволеныя адменай гэтага дэкрэту. Мы хочам пераменаў у краіне, калі ласка працягвайце ціск! Мы ня хочам гвалту, але мы хочам пераменаў. Ціск павінен ісьці як з боку пратэстоўцаў, так і з боку эўрапейскіх палітыкаў. Гэта сапраўды можа прывесьці да перамоваў улады з апазыцыяй. Я, як дыплямат, магу сказаць, што празь перамовы можна шмат чаго вырашыць – у тым ліку лёс самога Лукашэнкі.

«Назіраецца парадаксальная сытуацыя, калі Расея скараціла падтрымку Лукашэнкі, фактычна ўвяла супраць яго санкцыі, але грошы Лукашэнку зьбіраецца даваць Эўропа […]. Заходнія крэдыты павіныя быць абумоўленыя правядзеньнем дэмакратычных рэформаў», – падкрэсьліў Андрэй Саньнікаў.

/

Слухачы пацікавіліся, ці не асьцерагаецца палітык расейскага вайсковага ўмяшальніцтва ў выпадку, калі ў Беларусі пачнуцца маштабныя пратэсты ці адбудуцца дэмакратычныя перамены. «Расея ўмяшаецца толькі тады, калі да гэтага давядзе сам Лукашэнка», – адрэагаваў Андрэй Саньнікаў.

Андрэй Саньнікаў: Гэта менавіта Лукашэнка можа арганізаваць правакацыю і дамовіцца з Масквой аб умяшальніцтве. Менавіта ён! Калі Эўропа будзе ўсьведамляць, што насамрэч адбываецца, а не баяцца ўвесь час, што мы можам справакаваць Расею, калі яна сапраўды падтрымае мірныя зьмены, то ніякага расейскага ўварваньня й акупацыі ня будзе. А вось ад Лукашэнкі такая пагроза можа сыходзіць.

Хто павінен весьці дыялёг з Лукашэнкам? На думку Андрэя Саньнікава, за стол перамоваў з беларускім рэжымам павінныя сесьці прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэсу, у склад якога ўваходзяць Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Статкевіч, Генадзь Фядыніч, Зьміцер Дашкевіч, Уладзімір Някляеў, а таксама іншыя палітычныя і прафсаюзныя дзеячы.

Андрэй Саньнікаў: Тыя, хто здольны весьці перамовы, тыя, хто ня здраджваў прынцыпам, тыя, хто не дапамагаў рэжыму легітымізавацца. Я лічу, што за сталом перамоваў павінен сядзець перш за ўсё Беларускі нацыянальны кангрэс. А хто канкрэтна – мы вырашым.

На працягу больш як году Польшча спрабуе наладзіць стасункі зь Менскам, спадзеючыся, што кантакты з афіцыйнымі ўладамі прынясуць эканамічныя выгады й палепшаць сытуацыю польскай меншасьці ў Беларусі. Пакуль гэтая палітыка адчувальных вынікаў не прынесла – прызнаецца палітоляг, гісторык і былы намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Коваль.

Спадзяваньні на тое, што ў Беларусь прыйдуць польскія інвэстыцыі Павал Коваль лічыць нерэалістычнымі.

/

Павал Коваль: Цяперашні ўрад Польшчы палічыў, што падтрымка дэмакратычных ініцыятываў і абарона правоў чалавека ў Беларусі не прыносяць значных вынікаў. Цяпер урад шукае іншых шляхоў, спрабуе «пасябраваць» з Лукашэнкам. Вынікі гэтай палітыкі мы ўбачым толькі празь некаторы час. Што тычыцца павелічэньня польскіх інвэстыцыяў у Беларусі, то я не лічу гэтыя спадзяваньні рэалістычнымі. Можна спадзявацца росту экспарту некаторых польскіх прадуктаў. Аднак пры такой нестабільнасьці, якую мы назіраем у Беларусі, ня думаю, што нейкія прадпрымальнікі вырашацца ўкладваць вялікія грошы. Гаворка ідзе перш за ўсё пра палітычную нестабільнасьць. Застаецца няясным, у якіх адносінах Лукашэнка знаходзіцца з Масквой і ці Крэмль у нейкі момант не заменіць Лукашэнку іншай фігурай, не прымусіць яго сысьці.

На думку Паўла Коваля, найлепшай палітыкай у стасунку да Беларусі была б падтрымка незалежных СМІ, такіх як «Белсат», а таксама падтрымка недзяржаўных арганізацыяў і студэнцкіх абменаў пры адначасовы разьвіцьці эканамічных сувязяў з афіцыйным Менскам.

/

Калі Варшава ўбачыць, што эфэктыўнасьць цяперашняга курсу на збліжэньне з уладамі Беларусі не прыносіць спадзяваных вынікаў, яна зьменіць сваю палітыку ў стасунку да Беларусі – прагназуе Павал Коваль.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт