Алесь Лагвінец вызвалены з арышту на Акрэсьціна
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
02.04.2017 13:17
Арыштантам не далі азнаёміцца з правіламі ўнутранага распарадку, бо яны «засакрэчаныя паводле просьбы спэцслужбаў» – кажа палітоляг.
Алесь Лагвінец. Фота са старонкі Алеся Лагвінца ў сацсетцы Facebook. Фўтар: Пётр МаркелаўPiotr Markiełaŭ
Пасьля 10-дзённага арышту з турмы на Акрэсьціна выйшаў былы намесьнік Руху «За Свабоду» палітоляг Алесь Лагвінец. У камэнтары Польскаму радыё ён апісаў умовы ўтрыманьня ў арышце.
Алесь Лагвінец: Дзесьці траціна супрацоўнікаў паводзіла сябе па-чалавечы, за што я ім шчыра дзякаваў. Аднак тыя, каго ўтрымлівалі, ня мелі магчымасьці азнаёміцца з правіламі ўтрыманьня. Сказалі, што, маўляў, яны былі засакрэчаныя паводле просьбы спэцслужбаў. За ўвесь час толькі адзін раз звадзілі ў душ. Два разы звадзілі на прагулку, але вадзілі ў тыя дні, калі ішоў дождж. Калі ўдзень нехта ляжаў на ложку, то забіралі матрацы, і былі ночы, калі людзі спалі на жалезных ложках без матрацаў.
24 сакавіка Алесь Лагвінец быў выкрадзены ля свайго дому міліцыянтамі ў цывільным і зьбіты. Лекары дыягназавалі ў яго пералом носу й чэрапна-мазгавую траўму. У судзе міліцыянты сьцьвярджалі, што Лагвінец сам нанёс сабе траўмы, калі «біўся галавой аб аўтамабіль».
Усяго падчас акцыяў пратэсту супраць «падатку на дармаедзтва» ў Беларусі было пакарана арыштамі больш за 300 чалавек.
ап