Logo Polskiego Radia
Print

«Трэба называць пайменна журналістаў, якія займаюцца дэзінфармацыяй»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.04.2017 18:38
  • «Трэба называць пайменна журналістаў, якія займаюцца дэзінфармацыяй».mp3
Заснавальнік сайта StopFake.org Яўген Федчанка расказвае, як трэба змагацца супраць крамлёўскай прапаганды й распальваньня нянавісьці.
Яўген ФедчанкаЯўген ФедчанкаAliaksandr Papko/radyjo.net

Кантраляваныя расейскімі ўладамі СМІ рэгулярна публікуюць сфальсыфікаваныя матэрыялы пра краіны, якія Крэмль жадае дыскрэдытаваць і аслабіць. Адна з галоўных цэляў такой інфармацыйнай вайны – Украіна. Украінскі партал StopFake.org заваяваў славу аднаго з найбольш прафэсійных цэнтраў па барацьбе з дэзінфармацыяй. Якую шкоду могуць нанесьці фэйкі, і як можна эфэктыўна зь імі змагацца? На гэтыя пытаньні адказвае адзін са стваральнікаў парталу Яўген Федчанка. Украінскі экспэрт прыняў удзел у канфэрэнцыі «Расейскія рэсурсы ў рэгіёне Трох мораў і іх выкарыстаньне ў інфармацыйных войнах», якая нядаўна прайшла ў Варшаве.

Спадар Яўген, вы стварылі вялікі інтэрнэт-партал, які раскрывае мэдыяфальсыфікацыі. Якія СМІ вырабляюць больш за ўсё фэйкаў?

Яўген Федчанка: Мы стварылі партал StopFake дзеля таго, каб манітараваць расейскую прапаганду й разьвенчваць фальсыфікацыі. На сёньняшні дзень мы сабралі больш за 1000 гісторыяў – і гэта толькі вяршыня айсбэрга. З нашай невялікай камандай мы можам манітараваць толькі галоўныя расейскія тэлеканалы ды інфармацыйныя агенцтвы, якія займаюцца ўкраінскай тэматыкай. Мы таксама змаглі стварыць «мапу» гэтых мэдыяарганізацыяў і даказаць іх сувязі з расейскім урадам.

Ці не маглі б вы прывесьці прыклады пасьпяхова разьвенчаных прапагандысцкіх гісторыяў апошняга часу?

Яўген Федчанка: Такіх гісторыяў мноства! Цяпер, калі Ўкраіна рыхтуецца да правядзеньня конкурсу «Эўрабачаньне», расейская прапаганда скіраваная менавіта на дыскрэдытацыю гэтай падрыхтоўкі. Прапагандысты намагацца падарваць давер да Ўкраіны, каб замежнікі не паехалі на музыкальны конкурс. Напрыклад, яны распаўсюджваюць фальшывыя гісторыі пра тое, што ўлады Кіева бязьлітасна зьнішчаюць брадзячых сабак. Гэта выклікала вялікую дыскусію ў нямецкіх СМІ. Цяпер распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што адзін з гульцоў украінскай зборнай па футболе – нацыст. Гэта добрыя прыклады таго, як масавая культура – спорт ці музыка – выкарыстоўваюцца ў прапагандысцкіх мэтах. Таксама крамлёўскія СМІ маніпулююць інфармацыяй наконт палітычнай і эканамічнай сытуацыі ва Ўкраіне, каб паказаць, што Ўкраіна – гэта дзяржава, якая развальваецца, дзяржава, поўная фашыстаў, і гэтак далей.

Прыклады
Прыклады мэдыяманіпуляцыяў, разьвенчаныя сайтам StopFake.org


Крамлёўскія інфармацыйныя рэсурсы старанна падбіраюць пасланьні для кожнай эўрапейскай краіны. Напрыклад, грузінам кажуць што адзіны шлях вярнуць Абхазію й Паўднёвую Асэтыю – гэта адвярнуцца ад Эўропы і пайсьці ў Расею. Жыхарам краінаў Балтыі кажуць, што NATO ўцягне іх у вайну з Расеяй, але пры гэтым ня будзе іх абараняць. Якія пасланьні пастаянна высылаюцца ўкраінскай аўдыторыі?

Яўген Федчанка: Вы правыя ў тым, што без канца паўтараюцца адны й тыя пасланьні. Паўтарэньне мае ключавое значэньне для прапаганды. Мы вылучылі 18 тыпаў пасланьняў. Сярод іх такія сьцьвярджэньні, як «Украіна – гэта фашысцкая дзяржава», «Ва Ўкраіне адбыўся дзяржаўны пераварот, і легітымны прэзыдэнт быў выгнаны». Распаўсюджваюцца фэйкі наконт украінскіх узброеных сілаў, добраахвотніцкіх батальёнаў, перасяленцаў з Данбасу.

Расейская прапаганда часта палохае ўкраінцаў Польшчай. Прапагандысты пераконваюць, што польскія ўлады мараць вярнуць Львоў, Польшча будуе велізарную сьцяну супраць мігрантаў з Украіны, палякі хочуць вярнуць сабе былую ўласнасьць ва Ўкраіне. Падаграваюцца канфлікты, зьвязаныя з польскай нацыянальнай меншасьцю. Робіцца ўсё, каб Украіна мела дрэнныя стасункі з суседзямі. Таксама дыскрэдытуецца Эўрапейскі зьвяз. Крамлёўскія прапагандысты кажуць, што Эўразьвяз развальваецца, таму для Ўкраіны разумным было б не ісьці ў Эўропу, а вярнуцца да Расеі. Аргумэнты, якія яны выкарыстоўваюць, насамрэч вельмі слабыя. Праблема, аднак, у тым, што людзі не задуваюцца над гэтым. Яны вераць кідкім загалоўкам, кароткай інфармацыі, пастам у сацсетках.

І апошняе, аднак самае цяжкое пытаньне: як змагацца з гэтай прапагандай?

Яўген Федчанка: Мы павінныя мець два падыходы: тактычны й стратэгічны. У тактычным пляне прапаганду трэба разьвенчваць. У стратэгічным – вучыць людзей крытычна аналізаваць інфармацыю. Дзеля гэтага трэба выкладаць мэдыяадукацыю ўжо ў школах. На тактычным узроўні ўрады павінныя глядзець, як дзейнічаюць прапагандысцкія мэдыярэсурсы ў іх краінах, як і кім яны фінансуюцца. Трэба спраўджваць, ці іх дзейнасьць адпавядае закону й выданым ліцэнзіям.

Таксама мы павінны пайменна называць і прысаромліваць так званых журналістаў, якія займаюцца прапагандай нянавісьці й правакацыямі, а таксама назваць пайменна цэлыя мэдыяарганізацыі, якія робяць гэта. Мне вельмі падабаецца новая палітыка Фэйсбука, які адсочвае мэдыярэурсы і ўказвае, што тая ці іншая крыніца ня вартая даверу. Я таксама падтрымліваю ідэю ўводзіць пэрсанальныя санкцыі супраць ключавых журналістаў і мэнэджэраў СМІ, якія ўдзельнічаюць у інфармацыйнай вайне. Супраць іх трэба ўводзіць абмежаваньні, бо яны прапагандуюць нянавісьць і распальваюць ваенныя канфлікты. Гэта дзеяньні, за якія прадугледжваюцца міжнародныя санкцыі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт