Па справе «Белага легіёна» («справе патрыётаў») распачынаецца новая крымінальная справа. Артыкул 287 КК – «Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». У Беларусі гэта адбываецца ўпершыню, піша газэта «СБ. Беларусь сегодня», якая зьмяшчае вялікі матэрыял на гэтую тэму.
Адзначаецца, што «сьледзтва высьвятляе факты па стварэньні глыбока закансьпіраванай арганізацыі з дакладнай герархіяй, жорсткай дысцыплінай, аб’яднанай ідэалягічнай асновай, узбраеньнем». Падкрэсьліваецца, што «артыкул – вельмі і вельмі строгі». Кіраўніцтва «незаконным узброеным фармаваньнем» ці ўдзел у ім караецца абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў ці пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў. Абвінавачаньне па гэтым артыкуле выставілі 20 чалавекам.
СБ піша, што па справе аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» праходзіць 35 чалавек. 17 з іх выставілі абвінавачаньне, яны арыштаваныя. Яшчэ 18 чалавек знаходзяцца ў статусе падазраваных. Згаданыя 20 чалавек з ліку гэтых 35-ці.
У публікацыі «Аддзела расьсьледаваньняў» сьцьвярджаецца, што заява пра самароспуск «Белага легіёна» была спробай «перахітрыць спэцслужбы». Нібыта, ад самага пачатку арганізацыя стваралася «як нелегальная структура» і яна магла «прачнуцца» ў любы момант». Згадваецца і яе «пастаянная сувязь» з Мікалаем Статкевічам. Нібыта, ён спадзяваўся, што легіянэры стануць яго «асабістай гвардыяй». Таксама адзначаецца, што раней «Легіён» знаходзіў спачуваньне ў асобных афіцэраў сілавых структур». Згадваецца бабруйскі клюб «Патрыёт», пад прыкрыцьцём якога, нібыта, «ішла спэцпадрыхтоўка і падтрымка баявой формы «легіянэраў». КДБ стаў фіксаваць аднаўленьне цэнтралізаваных палявых збораў «легіянэраў» у 2014 годзе. А ў сакавіку сёлета спэцслужбе стала вядома пра іх кантакт з маладафронтаўцамі, сьцьвярджае выданьне.
У публікацыі таксама сьцьвярджаецца, што сябры «Белага легіёна», якія знаходзяцца за кратамі, моцна трымаюцца, некаторыя з іх маўчаць. Прыводзяцца фрагмэнты з паказаньняў асобных затрыманых.
Зьмешчаны ліст невядомай «грамадзянкі Нямеччыны з беларускімі каранямі», якая «папярэдзіла» ўлады Беларусі пра нейкую правакацыю, што рыхтавалася на 25 сакавіка ў Менску. І КДБ адрэагаваў на гэты «сыгнал», пачаліся затрыманьні, ператрусы і г. д.
Падкрэсьліваецца таксама, што беларускія сілавікі нанесьлі два ўдары. Першы – па аўтарах «Рэгнума», удар па «Белым легіёне» быў другім.
Эўрарадыё/ав