Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія прадпрыемствы пачалі актыўна шукаць партнэраў у Польшчы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.05.2017 15:16
  • Беларускія прадпрыемствы пачалі актыўна шукаць партнэраў у Польшчы.mp3
«Сустрэчы польскага й беларускага бізнэсу цяпер праходзяць штомесяц», – старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Казімеж ЗдуноўскіКазімеж ЗдуноўскіAliaksandr Papko/radyjo.net

Беларускія дзяржаўныя й прыватныя прадпрыемствы актыўна шукаюць партнэраў у Польшчы. Пра гэта на ІХ Эўрапейскім эканамічным кангрэсе заявіў старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі. У апошні час сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх і польскіх фірмаў адбываюцца штомесяц. Найбольшы ўзаемны інтарэс праяўляюць прадпрыемствы з галіны энэргетыкі, інфармацыйных тэхналёгіяў, лягістыкі й вытворчасьці харчаваньня.

Уладамі Беларусі створаныя выдатныя ўмовы для замежных інвэстараў – пераконваў Казімеж Здуноўскі. На пытаньне, ці арышты буйных беларускіх прадпрымальнікаў, якія рэгулярна адбываюцца ў апошнія гады, ня сьведчаць пра пагрозы для замежнага бізнэсу, старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты адказаў наступнае.

Казімеж Здуноўскі: Заўсёды ёсьць пытаньне, як адрозьніць гарантыі для бізнэсу ад гарантыяў для бізнэсмэна, які можа парушыць закон. Мне не хацелася б камэнтаваць індывідуальныя справы, дзе быў парушаны закон, альбо ёсьць падазрэньні, што закон быў парушаны. Пры гэтым, я ня ведаю ніводнага выпадку, калі падпісаная беларускімі ўладамі інвэстыцыйная дамова не была выкананая.

Эўрапейскі эканамічны кангрэс, які рэгулярна праходзіць у горадзе Катавіцэ, зьяўляецца адным з найбольшых бізнэс-форумаў Польшчы й Цэнтральнай Эўропы. У сёлетнім кангрэсе, які завяршыў сваю працу ў пятніцу, прынялі ўдзел 8000 прадпрымальнікаў, аналітыкаў і дзяржаўных чыноўнікаў з краінаў Эўропы, Азіі, Афрыкі й Паўночнай Амэрыкі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт