Logo Polskiego Radia
Print

У трунах ахвяраў Смаленскай катастрофы знайшлі парэшткі адразу некалькіх чалавек

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.05.2017 11:39
У труне камандуючага ўзброенымі сіламі былі фрагмэнты чатырох целаў, у труне камандуючага спэцназу – адразу сямі.
wikimedia commons/see OTRS ticket for details. - Praca własna/CC BY-SA 2.5

Польская пракуратура пацьвердзіла, што ў труне генэрала Уладзімежа Патасіньскага, які загінуў у Смаленскай авіякатастрофе, знаходзіліся фрагмэнты целаў чатырох іншых людзей. Інфармацыю пра гэта агучыла ўчора газэта Fakt.

Газэта таксама напісала, што ў труне апэратыўнага камандуючага польскіх узброеных сілаў Браніслава Квяткоўскага знайшлі фрагмэнты целаў ажно сямі іншых ахвяраў авіякататрофы. Пракуратура пацьвердзіла, што ў труне знаходзіліся парэшткі іншых людзей, але не паведаміла, колькіх дакладна.

ген.
ген. Уладзімеж Патасіньскі. Фота: Міністэрства абароны Польшчы

Пасьля катастрофы авіяляйнэра прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага, якая адбылася 10 красавіка 2010 году, ідэнтыфікацыяй целаў займаліся расейскія ворганы. Калі целы ахвяраў былі перавезеныя ў Польшчу, іх сем’ям забаранілі адкрываць труны, спасылаючыся на санітарныя нормы.

ген.
ген. Браніслаў Квяткоўскі. Фота: Міністэрства абароны Польшчы

Пасьля таго, як у польскіх уладаў узьніклі падазрэньні ў сумленнасьці ідэнтыфікацыі, праведзенай расейскімі сьледчымі і патолягаанатамамі, было прынятае рашэньне пачаць эксгумацыю. З 2011 году былі адчыненыя труны 26 ахвяраў катастрофы. Высьветлілася, што 8 чалавек былі пахаваныя не ў сваіх магілах, а ў пяці трунах знаходзіліся фрагмэнты целаў адразу некалькіх людзей. Усяго плянуецца эксгумаваць целы 83 чалавек.

PAP/IAR/ап

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт