Logo Polskiego Radia
Print

Цела Зьмітрака Бядулі будзе вернутае на Радзіму

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.08.2017 14:54
  • Цела Зьмітрака Бядулі будзе вернутае на Радзіму.mp3
Працэс перадачы цела беларускага літаратара можа заняць каля году.
Змітрок БядуляЗмітрок Бядуляwikimedia commons/public domain

Беларускі журналіст і грамадзкі дзеяч Глеб Лабадзенка пачаў кампанію па вяртаньні цела клясыка беларускай літаратуры Зьмітрака Бядулі з Казахстану на Радзіму. Цела паплечніка Якуба Коласа й Янкі Купалы можа вярнуцца ў Беларусь ўжо восеньню наступнага году.

З прапановай перанесьці цела Зьмітрака Бядулі з Уральска ў Менск Глеб Лабадзенка зьвярнуўся да сына літаратара Яфіма Плаўніка. Ён, а таксама ўнук Зьмітрака Бядулі Канстанцін Плаўнік, падтрымалі гэтую ідэю. Аказаць падтрымку ў эксгумацыі й вяртаньні цела ў Беларусь паабяцала амбасада Беларусі ў Казахстане, а таксама мясцовае беларускае ды габрэйскае таварыствы.

Неўзабаве родныя Зьмітрака Бядулі пачнуць афармленьне неабходных дакумэнтаў. Працэс пераносу цела можа заняць каля году – кажа Глеб Лабадзенка.

Глеб Лабадзенка: У Менску сваякі Бядулі зьвернуцца да мясцовых уладаў з просьбай вылучыць месца на могілках. Паколькі гэта клясык беларускай літаратуры, разглядаюцца два варыянты: альбо гэта Ўсходнія могілкі, дзе пахаваныя Быкаў, Мулявін, Караткевіч, альбо Вайсковыя могілкі, дзе пахаваныя Купала й Колас. Пасьля яны зьвернуцца ў амбасаду Беларусі ў Казахстане, таму, што любы перавоз цела на радзіму павінен суправаджацца консулам Беларусі. Калі мы зразумеем, што на гэта патрэбныя нейкія сродкі, то будзем зьбіраць нейкія сродкі. Але пакуль што галоўнае – не грошы, а арганізацыйныя пытаньні.

Зьмітрок Бядуля – гэта беларускі паэт, пісьменьнік, публіцыст, літаратурны крытык габрэйскага паходжаньня. Перад Першай сусьветнай вайной ён быў адным з аўтараў газэты «Наша Ніва», у часы калі галоўным рэдактарам выданьня быў Янка Купала. Зьмітрок Бядуля быў сябрам літаратурных аб’яднаньняў «Узвышша» й «Маладняк». Паэт памёр у лістападзе 1941 ад сардэчнага прыступу падчас эвакуацыі ў горадзе Уральск на захадзе Казахстану.

Журналіст Глеб Лабадзенка выступіў з ініцыятывай перанесьці цела літаратара з Казахстану ў Беларусь пасьля таго, як убачыў у інтэрнэце фатаграфію яго магілы, якая імкліва разбуралася.

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт