Logo Polskiego Radia
Print

Малавядомая гісторыя: рачныя маніторы польскай Пінскай флятыліі (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.09.2017 07:12
  • рачныя маніторы.mp3
Найбольш сурʼёзнай і моцнай зброяй на рэках Палесься былі маніторы сэрыі Б, пабудаваныя на Гданьскай суднаверфі.
Маніторы «Кракаў» і «Вільня» на Прыпяці, пачатак 1930-х гадоў Маніторы «Кракаў» і «Вільня» на Прыпяці, пачатак 1930-х гадоў

У супольнай беларуска-польскай вайсковай гісторыі ёсьць адна старонка, якая слаба дасьледаваная спэцыялістамі. Гэта тэма Пінскай флятыліі. Пра гэтую вайсковую адзінку мы распавядалі амаль год таму, а сёньня раскажам пра яе ўзбраеньне, і перш за ўсё пра рачныя маніторы, якія былі гордасьцю Ваенна-марскіх сіл даваеннай Польшчы.

Датай стварэньня флятыліі лічыцца 19 красавіка 1919 году.

Флятылія называлася Пінскай да 1931 году, пазьней яе афіцыйная назва гучала наступным чынам: Рачная флятылія Ваенна-марскіх сіл Польшчы. Галоўным портам рачнога ваеннага флёту быў беларускі Пінск – у той час павятовы горад Палескага ваяводзтва. На ўзбраеньні флятыліі было некалькі манітораў – цяжкіх рачных браніраваных артылерыйскіх караблёў.

Былі таксама кананерскія лодкі, бронекатары, тральшчыкі, штабное судна ды караблі забесьпячэньня. Перад самым пачаткам Другой сусьветнай вайны флятылія налічвала больш за 100 розных плывучых адзінак. Асноўная мэтай флятыліі была абарона межаў міжваеннай Польшчы, а ў выпадку вайны – апэратыўныя дзеяньні ў супрацы з сухапутнымі сіламі. Нагадаем, раён дзеяньня флятыліі знаходзіўся на самай мяжы з Савецкім Саюзам.

Манітор
Манітор "Гарадзішча"

Найбольш сурʼёзнай і моцнай зброяй на рэках Палесься былі маніторы сэрыі Б, пабудаваныя на Гданьскай суднаверфі (тады горад Данцыг) у 1920-21 гадах. Галаўным караблём сэрыі быў манітор «Варшава». Акрамя яго, на рэках і азёрах тагачаснай усходняй Польшчы служылі рачныя маніторы «Пінск», «Торунь» (да 1923 году назваўся «Мазыр») і «Гарадзішча». Паводле тагачасных меркаў, гэта былі сучасныя, добра ўзброеныя караблі.

Як сказаў нам кандыдат гістарычных навук, спэцыяліст па вайсковых пытаньнях Ігар Мельнікаў, гэта былі свайго роду рачныя танкі – яны выконвалі задачы бронетанкавых войск там, дзе іх не маглі выканаць сухапутныя сілы, у нашым выпадку на балоцістым і водным Палесьсі.

Каманда кожнага з манітораў складалася з 41-45 афіцэраў, прапаршчыкаў і матросаў. Камандаваў маніторам афіцэр у чыне паручніка альбо капітана ВПС Польшчы.

Маніторы
Маніторы "Гарадзішча" й "Варшава" ў порце

Узбраеньне манітораў было сурʼёзным. Для прыкладу, першапачаткова на «Варшаве» былі ўстаноўленыя дзьве гарматы калібру 105 мм і 5 цяжкіх кулямётаў. У 1930 годзе карабель прайшоў сурʼёзны рамонт і пераабсталяваньне, пасьля чаго яго ўзбраеньне складалася з адной 100-мілімэтровай гарматы, двух гармат калібру 75 мм ды чатырох кулямётаў калібру 7,62 мм. Такім чынам, як бачна, гэта была плывучая адзінка, якая ворагу магла нарабіць сурʼёзных клопатаў.

Маніторы
Маніторы "Гарадзішча" й "Варшава" на Прыпяці

У канцы 1930 гадоў на кожным з манітораў тры рухавікі былі замененыя на два, але мацнейшыя. Акрамя таго, пры малой вадзе, напрыклад, калі было сухое лета і ўзровень вады зьніжаўся, да бартоў караблёў прычэпліваліся спэцыяльныя паплаўкі, якія рабілі асадку манітора меншай – да 60 см, што дазваляла яму дзейнічаць на невялікіх рэках і каналах. Аднак адначасова з прымацаваньнем паплаўкоў падала хуткасьць карабля да ўсяго толькі 10,5 км/г – у нармальных стане хуткасьць караблёў складала каля 17 км/г.

Бартавая браня манітораў складала 5 мм, палубы – 6 мм, гарматнай вежы – 10 мм, а рубкі – 8 мм.

Ваенныя
Ваенныя рачнікі на адпачынку

У сваю чаргу ў 1926 годзе на суднаверфі ў Кракаве былі збудаваныя крыху меншыя маніторы – «Кракаў» і «Вільня». Яны былі ўзброеныя

трымя гарматамі калібру 100 мм і трыма кулямётамі калібру 7,92 мм. Асадка манітораў была невялікай і складала ўсяго 40 см.
Першапачаткова «Кракаў» і «Вільня» мелі служыць на Вісьле, аднак пазьней пляны былі зьмененыя і ў 1927 годзе іх перакінулі ў Пінск. Каманда манітораў складалася з 40 чалавек, браня ў залежнасьці ад часткі карабля – 5-8 мм.

Маніторы
Маніторы "Вільня" й "Кракаў" на Вісьле ў Кракаве, перад паходам на Прыпяць

Польская флятылія перастала існаваць у верасьні 1939 года, калі маракі затапілі свае судны й далучыліся да польскіх сухапутных сіл. У сваю чаргу манітор «Вільня» быў падарваны камандай, каб ня трапіць у рукі ворага.

Каманда
Каманда манітора "Кракаў" на сваім караблі, ліпень 1926 года

Нагадаем, на такія крокі ваенныя рачнікі былі прымушаныя пайсьці з-за таго, што ўзровень вады ў рэках быў нізкі. Акрамя таго, былі ўзарваныя некаторыя шлюзы на каналах, што дадаткова ўскладняла магчымыя манэўры. Больш за тое, Чырвоная армія была ўжо на Палесьсі, і заставацца ў гэтым раёне ня мела сэнсу.

Затопленыя маніторы паднялі савецкія войскі.

Караблі служылі ў савецкай флятыліі й па-геройскі загінулі ў 1941 годзе ў змаганьні зь гітлераўцамі.

Валеры Саўко

фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт