Logo Polskiego Radia
Print

«У перапісцы Паўла зь дзяўчынай няма нічога пра выбухі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.10.2017 11:49
ФСБ Расеі абвінавачвае Паўла Грыба ў спробе арганізаваць выбух у сочынскай школе. Абвінавачаньне сфабрыкаванае – кажа бацька хлопца.
Павал Грыб на судовым паседжаньні. 18 кастрычніка 2017 г. Фота прадстаўлена адвакатам Андрэем Сабініным. Павал Грыб на судовым паседжаньні. 18 кастрычніка 2017 г. Фота прадстаўлена адвакатам Андрэем Сабініным. Андрэй Сабінін

ФСБ Расеі абвінавачвае выкрадзенага ў Беларусі 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба ў спробе арганізаваць выбух у адной са школаў горада Сочы. Такія дадзеныя расейскія спэцслужбы нібыта атрымалі з перапіскі Паўла Грыба з сочынскай школьніцай Тацьцянай, зь якой хлопец падтрымліваў рамантычныя адносіны. Абвінавачаньне было агучана падчас судовага паседжаньня, на якім Паўлу Грыбу падоўжылі тэрмін знаходжаньня пад вартай да 4 студзеня 2018 году.

Абвінавачаньне сфабрыкаванае – камэнтуе бацька хлопца Ігар Грыб, які мае доступ да перапіскі Паўла за некалькі месяцаў.

«Ні на лінейцы, ні на выпускным балі 30 ліпеня 2017 году ніякіх выбухаў не адбываецца, ніхто школу не ўзрываў і не зьбіраўся. Дзяўчынка пасьля выпускнога піша хлопчыку, яны ляпечуць у Скайпе пра ўсялякую драбязу […]. За гэты пэрыяд (чэрвень 2017, напярэдадні выпускнога балю) можна сьцьвярджаць, што ў перапісцы няма нічога пра выбухі, нейкія пляны ці нешта падобнае», – піша Ігар Грыб.

У хадатайстве, адрасаваным Кастрычніцкаму раённаму суду Краснадара, сьледчыя з Упраўленьня ФСБ па Краснадарскім краі заявілі, што Павал Грыб зьяўляецца «прыхільнікам экстрэмісцкай арганізацыі УНА-УНСО» і «кіруючыся ідэямі супрэмасізму […] шляхам адпраўкі тэкставых паведамленьняў на ўкраінскай мове» зьвярнуўся да дзяўчыны «з мэтай пабудзіць яе вырабіць самаробнае выбуховае прыстасаваньне й […] прывесьці яго ў дзеяньне 30 ліпеня 2017 году на выпускной лінейцы з мэтай дэстабілізацыі ворганаў улады».

24 жніўня Павал Грыб быў выкрадзены расейскімі спэцслужбамі ў Гомелі, куды ён прыехаў на сустрэчу з расейскай дзяўчынай, зь якой перапісваўся ў сацыяльных сетках. ФСБ Расеі завяло супраць 19-гадовага хлопца крымінальную справу па артыкуле «Тэрарыстычны акт».

Сям’я Паўла называе абвінавачаньне абсурдным. Павал Грыб толькі нядаўна скончыў школу, ні разу не бываў за мяжой, не служыў у войску. Акрамя таго, ён хварэе на парушэньне структуры сасудаў печані, таму мае патрэбу ў пастаянным прыёме мэдпрэпаратаў. Расейскія сілавыя структуры адмяўляюцца дапусьціць да Паўла Грыба ўкраінскіх лекараў.

ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт