Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве прапануюць паслугу - за грошы прытуліцца й паабдымацца

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.11.2017 19:06
Прафэсійныя «абдымальнікі» дапамогуць кліенту разьняволіцца й зьняць стрэс.
pixabay.com/Public Domain CC0

Неўзабаве ў Варшаве пачне дзейнічаць салён, дзе за грошы можна будзе прытуліцца й паабдымацца. Ініцыятарамі бізнэсу выступілі дзьве маладыя жыхаркі польскай сталіцы.

Салён пачне працу 15-га лістапада. Ён будзе працаваць у цэнтры Варшавы. Салён складаецца з двух пакояў, у якіх за аплату можна будзе прытуліцца й паабдымацца з прафэсійным «абдымальнікам». Карацейшая сэсія каштуе 49 злотых (каля 12 эўра), даўжэйшая – 79 злотых (каля 19 эўра).

Ініцыятаркі праекту зазначаюць, што іх бізнэс трэба ўспрымаць абсалютна без эратычнага падтэксту. Перад тым, як пачаць сустрэчу з «абдымальнікам», кліент атрымлівае інструкцыю, у якой гаворыцца пра тое, што дазволена й што катэгарычна забаронена.

Паводле ўладальніц установы, абдыманьне й прытульваньне аказвае пазытыўны ўплыў на псыхалягічны стан чалавека, дапамагае разьняволіцца й зьняць стрэс.
Варшаўскі салён прытульваньня й абдыманьня – першы ў Польшчы. Падобныя існуюць ад нядаўняга часу ў Вялікабрытаніі й ЗША.
У варшаўскім салёне «абдымальнікамі» будуць працаваць тры дзяўчыны й два маладыя мужчыны.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт