Logo Polskiego Radia
Print

«Мяккая беларусізацыя» – гэта сур’ёзна і надоўга»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.12.2017 19:33
  • «Мяккая беларусізацыя» – гэта сур’ёзна і надоўга».mp3
Філёзаф Рудкоўскі тлумачыць, навошта беларускія ўлады пачалі адраджаць нацыянальную сьвядомасьць і чаму ад гэтага не адмовяцца.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

З 2014 году ў ідэалёгіі беларускіх уладаў назіраюцца выразныя зьмены. Афіцыйны Менск усё больш увагі надае ўзмацненьню нацыянальнай самасьвядомасьці, падкрэсьлівае адасобленасьць інтарэсаў Беларусі ад інтарэсаў Расеі, а таксама пераглядае канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржавы. Пра гэта піша беларускі філёзаф, навуковы дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі ў новым аналітычным артыкуле, напісаным у супрацоўніцтве з варшаўскім Цэнтрам усходніх дасьледаваньняў. Чаму «мяккая беларусізацыя» – гэта сур'ёзна й надоўга? Пётра Рудкоўскі распавядае пра гэта Аляксандру Папко.

Да таго, як Расея анэксавала Крым і распаліла канфлікт ва Ўсходняй Украіне, беларускія ўлады будавалі сваю ідэалёгію на настальгіі па СССР і лёзунгах аб «славянскім адзінстве». Аўтары падручнікаў па ідэалёгіі беларускай дзяржавы вялі радавод Беларусі ад 1919 году (даты ўтварэньня БССР), лічылі што адметнай рысай беларускасьці зьяўляецца не ўласная мова й гісторыя, а наадварот – поўная адданасьць усходняму суседу. Заяўлялася нават, што сувэрэннасьць Беларусі магчымая толькі ў рамках Саюзнай дзяржавы з Расеяй.

Аднак ужо ў красавіку 2014 году Аляксандар Лукашэнка відавочна пачаў адыходзіць ад ідэяў, якія прапагандаваў на працягу дваццаці гадоў – піша філёзаф Пётра Рудкоўскі ў артыкуле «Мяккая беларусізацыя. Ідэалёгія Беларусі падчас расейска-ўкраінскага канфлікту». Гэтая ідэалёгія пачала зьмяняцца ў трох важных аспэктах.

Па-першае, улады пачалі ўсё часьцей казаць пра неабходнасьць захаваць беларускую мову, якую самі дагэтуль старанна вынішчалі. Па-другое, яны пачалі казаць пра Расею ў катэгорыях «яны», а не «мы», сталі падкрэсьліваць неабходнасьць захаваньня незалежнасьці й заяўляць, што інтарэсы Беларусі далёка не заўсёды супадаюць з інтарэсамі Масквы. Па-трэцяе, у афіцыйную гісторыю Беларусі пачалі ўключаць несавецкія элемэнты. Улады пачалі папулярызаваць спадчыну ВКЛ й нават падкрэсьліваць ролю Беларускай Народнай Рэспублікі ў станаўленьні беларускай дзяржаўнасьці.

З уласнай ахвоты ці вымушана, але афіцыйны Менск пачаў пераймаць ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня, якія гучалі ў пачатку 1990 гадоў – кажа Пётра Рудкоўскі

Пётра Рудкоўскі: Шэраг публікацыяў, якія зьяўляліся ў такіх мас-мэдыя, як газэта «Советская Белоруссия», часопіс «Беларуская думка» (абодва зьяўляюцца друкаванымі органамі Адміністрацыі прэзыдэнта) пасьля крымскіх падзеяў пачалі даволі рэгулярна публікаваць артыкулы, скіраваныя на прасоўваньне беларускага нацыянальнага наратыву – адраджэнскага наратыву. Канешне, ён гучыць не ў такой форме, як гучаў у рыторыцы Беларускага народнага фронту. Але назіраецца ўсё больш і больш падабенства да пастулятаў, якія гучалі ў 1990-я гады ў адраджэнскіх колах.

Ня толькі ўлады зьмяняюць стасунак да беларускай мовы й гісторыі. Прабеларускім становіцца бізнэс, усё больш праектаў па разьвіцьці нацыянальнай культуры робіць грамадзянская супольнасьць.

Але працэсы адраджэньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці маюць выразныя межы – прызнаецца Пётра Рудкоўскі. Першае абмежаваньне – гэта варожая рэакцыя Расеі, другое – няздольнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі перакрэсьліць усе свае ранейшыя ідэалягічныя ўстаноўкі. Нарэшце, трэцяе абмежаваньне – гэта магчымая непрыхільная рэакцыя саміх беларусаў.

Пётра Рудкоўскі: Рэзкая беларусізацыя пры гэтым рэжыме немагчымая таму, што такая палітка стварыла б занадта вялікі скрыгат. Адрозьненьне паміж папярэдняй і новай палітыкай стварыла б адчуваньне кампрамэтацыі. «Мяккасьць» беларусізацыі прадыктаваная і фактарам Масквы, і неабходнасьцю захаваць сувязь з папярэднімі ідэямі. «Мяккасьць» апраўдана і з прагматычнага пункту гледжаньня. Калі беларуская мова будзе навязвацца, гэта можа выклікаць грамадзкае абурэньне.

Варта зазначыць, што сацыялягічныя дасьледаваньні пакуль не аднатавалі пераменаў у палітыцы беларускіх уладаў. Колькасьць вучняў у беларускіх школах надалей скарачаецца, зьмяншаецца колькасьць кнігаў, які выдаюцца на беларускай мове, скарачаецца колькасьць людзей, якія размаўляюць па-беларуску ці хаця б добра ведаюць беларускую мову.

Працэс русыфікацыі, які ўлады праводзілі дзесяцігодзьдзямі, некаторы час будзе ісьці па інэрцыі. Аднак праз некалькі гадоў ён можа спыніцца – перакананы Пётра Рудкоўскі.

Пётра Рудкоўскі: З сацыялягічных дадзеных можна атрымаць уражаньне, што расейскія ўплывы ўзмацняюцца. Аднак сацыялёгія паказвае статычную карціну, у якой вельмі цяжка ўбачыць дынаміку. А дынаміка наступная: ёсьць дзеяньне і ёсьць процідзеяньне. Узмацніўся прапагандысцкі ўплыў у мэдыях, але паволі ўзмацняецца і контрпрапрагандысцкі супраціў. Беларускія дзяржаўныя СМІ становяцца ўсё больш сьвядомымі праблемаў, якія спараджае расейскі ўплыў. Мы назіраем кроплі, якія пакуль што не ўтвараюць патоку, але гэта тэндэнцыя, якая празь некалькі гадоў можа даць вынік.

Філёзаф зазначыў, што ў 2014 годзе, калі перамены ў беларускай культурнай палітыцы толькі намячаліся, ён вельмі асьцярожна выказваўся наконт іх перспэктываў. Прайшло тры гады, і час паказаў, што «мяккая беларусізацыя – гэта не эфэмэрная зьява», кажа Пётра Рудкоўскі. Калі ў будучыні ня здарыцца нічога надзвычайная, гэты працэс працягнецца – перакананы экспэрт.

Беларускія ўлады паволі прымаюць нацыянальную ідэю, якая абапіраецца на культуру, гісторыю і беларускую мову. Але гэта абсалютна не азначае, што беларускі рэжым дэмакратызуецца.

«Бачна, што рэжым, шукае новыя спосабы ўсталяваць сувязь як з уласным грамадзтвам, так і з заходнімі краінамі. Але гэта не азначае, што ўлады гатовыя да сыстэмных зьменаў. Роля прэзыдэнта й канцэпцыя дзяржавы застаюцца нязьменнымі, у дзяржаўнай ідэалёгіі няма намёку на падзел уладаў, а абшар для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці застаецца па-ранейшаму вельмі абмежаваным», – падсумоўвае артыкул Пётра Рудкоўскі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт