Logo Polskiego Radia
Print

Лібэралізацыя абароту крыптавалюты – дабро ці зло для Беларусі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.12.2017 16:19
  • Лібэралізацыя абароту крыптавалюты – дабро ці зло для Беларусі.mp3
Супрацьлеглыя меркаваньні прадстаўляюць фінансавы аналітык і спэцыяліст у сфэры ІТ.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Слова «крыптавалюта» набыло незвычайную папулярнасьць у беларускіх СМІ напрыканцы сьнежня – пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Лібэралізацыя абароту лічбавымі грашыма, якія вырабляюцца ў віртуальнай прасторы, ператворыць Беларусь у сусьветны афшор, дзе будуць адмывацца брудныя грошы – папярэджваюць некаторыя экспэрты. Іншыя заклікаюць не дэманізаваць крыптавалюту і заяўляюць, што яна дазволіць прыцягнуць дадатковы замежны капітал. Ці варта баяцца крыптавалюты, і як яна можа зьмяніць беларускую эканоміку? Пра гэты мы размаўляем з экспэртам у сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў Алегам Гнятулям і фінансавымі аналітыкам Сяргеем Чалым.

Крыптавалюта – гэта від электронных грошай, падобны да віртуальных рублёў, эўра ці даляраў, якія мы выкарыстоўваем у безнаяўных разьліках. Аднак выпускаць крыптавалюты, у адрозьненьне ад звычайных грошай, могуць ня толькі цэнтральныя банкі краінаў, а кожны чалавек, які мае пры сабе кампутар. Каб вырабіць адзінку крыптавалюты, кампутар праводзіць вылічальныя апэрацыі, траціць час і энэргію. Разьлікі ў крыптавалюце адбываюцца адначасова праз тысячы каналаў сувязі, таму падрабіць трансакцыю немагчыма. Самай папулярнай, але далёка не адзінай крыптавалютай зьяўляецца створаны ў 2009 годзе біткойн.

Насамрэч крыптавалюта мала адрозьніваецца ад звычайных грошай – кажа супрацоўнік адной зь беларускіх ІТ-кампаніяў Алег Гнятуля. Толькі калі прывычныя нам валюты падтрымліваюцца магутнасьцямі эканомікі краіны, то крыптавалюты падтрымліваюцца вылічальнымі магутнасьцямі кампутараў – тлумачыць праграміст.

/

Алег Гнятуля: Любая валюта – гэта сродак абмену. Сродак абмену павінен нечым падтрымлівацца. У старыя часы яны падтрымліваліся золатам. А крыптавалюта падтрымліваецца рэсурсам вылічальных машынаў.

Дэкрэт №8, падпісаны кіраўніком Беларусі напрыканцы 2017 году, дазваляе фірмам-рэзыдэнтам Парка высокіх тэхналёгіяў займацца майнінгам – вырабляць крыптавалюту, а таксама свабодна гандляваць ёй. Тое самае могуць рабіць і фізычныя асобы. Больш за тое, выраб крыптавалюты й гандаль ёй ня лічыцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, не падлягае дэкляраваньню і да 2023 году не абкладаецца падаткамі.

«Вырабляць крыптавалюту й гандляваць ёй у Беларусі можна было і раней, толькі заканадаўства пра гэтую дзейнасьць нічога не гаварыла. Цяпер жа заканадаўства гаворыць, што дзяржава ставіцца да гэтай дзейнасьці пазытыўна», – камэнтуе дэкрэт ІТ-спэцыяліст.

Апаратура
Апаратура для вырабу крыптавалюты. Фота: pixabay.com

Экспэрт прызнае, што існуюць рызыкі выкарыстаньня крыптавалюты для фінансавых махінацыяў – напрыклад, адмываньня крымінальных даходаў ці ўхіленьня ад падаткаў. Але ў адрозьненьне ад звычайных грошай, рух крыптавалюты можна лёгка адсачыць.

Алег Гнятуля: Ужо былі спробы фінансаваць дзейнасьць так званай Ісламскай дзяржавы пры дапамозе біткойнаў, але гэтыя спробы былі жорстка спыненыя. Ёсьць мэханізмы, якія забясьпечваюць уладальнікам біткойна ананімнасьць, але ёсьць мэханізмы, якія дазваляюць адсачыць, адкуль і на якія мэты ідуць грошы.

Алег Гнятуля заклікае не дэманізаваць крыптавалюту. «Гэта звычайныя грошы, толькі крыху больш інтэлектуальныя, якія дазволяць беларускім фірмам і банкам ісьці ў нагу з часам», – кажа праграміст.

Зь меркаваньнем Алега Гнятулі радыкальна не пагаджаецца фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

На яго думку, крыптавалюты ня могуць служыць надзейнымі сродкамі абмену, а прыняты Лукашэнкам дэкрэт ператворыць Беларусь у небясьпечны фінансавы афшор.

За сем гадоў свайго існаваньня крыптавалюта так і ня сталі масава выкарыстоўвацца для аплаты тавараў і паслугаў, затое яе выкарыстоўваюць для біржавых спэкуляцыяў – сьцьвярджае аналітык.

/

Сяргей Чалы: Людзі кажуць: «Трэба купляць біткойн, бо ім будуць карыстацца больш!» «Але пачакайце, – кажу я, ім жа ніхто не карыстаецца! Ён не выконвае функцыі сродку разьлікаў». «Затое ён будзе выконваць функцыю захаваньня вартасьці». «А ў чым заключаецца яго гарантыя захаваньня вартасьці?» »У тым, што яго будуць купляць!» Круг замкнуўся: «Крыптавалюту трэба купляць, бо яе будуць купляць». Гэта клясычнае вызначэньне любой фінансавай піраміды.

А самае небясьпечнае заключаецца ў тым, што Дэкрэт №8 спэцыяльна выводзіць абарот крыптавалютаў з-пад рэгуляцыі нацыянальнага й міжнароднага права й заахвочвае фінансавых махінатараў з усяго сьвету прыходзіць у Беларусь – перакананы Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы: На апэрацыі з крыптавалютамі не распаўсюджваецца ані банкаўскае права, ані заканадаўства па фінансавых апэрацыях. І нават сродкі, атрыманыя ў выглядзе крыптавалютаў, не разглядаюцца як грошы, якія падпадаюць пад рэгуляваньне міжнароднага заканадаўства па супрацьдзеяньні адмываньню сродкаў, здабытых незаконным шляхам. Фактычна, у нас ствараецца страшная чорная дзіра. Я думаю, што разьлік нашых распрацоўшчыкаў заключаўся ў тым, каб падзарабіць хаця б нешта ў той кароткі час, пакуль на нас не зьвярнуць увагу.

Сапраўды, рух крыптавалюты можна адсачыць, але ўвагу ўрадаў і міжнародных структураў прыцягваюць толькі вялікія патокі крымінальных грошай.

Сяргей Чалы: Сапраўды, пры вельмі вялікім жаданьні ФБР, альбо Дэпартамэнт юстыцыі ЗША могуць заняцца гэтым пытаньнем. Але зноў-такі, каб адсачыць рух грошай патрэбныя высілкі й час.

Дарэчы, пэрспэктывы стварэньня ў Беларусі «бясьпечнай гавані» для вываду капіталаў не выключае й Алег Гнятуля.

Фота:
Фота: pixabay.com

Расея абмяжоўвае выкарыстаньне крыптавалютаў на сваёй тэрыторыі, у той час як Менск лібэралізуе абарот лічбавымі грошамі. Беларусь ужо зарабляе на забароне казіно ў цэнтральнай Расеі, таму ня выключана, што Менск хоча падзарабіць і на забароне біткойна.

Наступствы непадкантрольнага абароту крыптавалютамі для Беларусі могуць быць вельмі жорсткімі – заяўляе Сяргей Чалы. Краіна можа патрапіць у чорны сьпіс Групы па распрацоўцы фінансавых мераў барацьбы з адмываньнем грошай (Financial Action Task Force on Money Laundering – FATF) і ў чорны сьпіс Эўрапейскага зьвязу. І нават на сумленны беларускі бізнэс можа легчы цень падазрэньня ў фінансавых махінацыях.

Беларускі ўрад тэрмінова павінен увесьці мэханізмы, якія прадухіляюць адмываньне грошай праз крыптавалюты. Часу засталося зусім нямнога. Дэкрэт №8 уступае ў жыцьцё праз тры месяцы – папярэджвае фінансавы аналітык.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт