Logo Polskiego Radia
Print

«Крыптавалюты выжывуць, але ня ўсе»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.01.2018 18:59
  • «Крыптавалюты выжывуць, але ня ўсе».mp3
Ці варта інвэставаць у крыптавалюты – тлумачыць кіраўнік інвестыцыйна-кансалтынгавай кампаніі Аляксандр Стэпановіч.
Фота, прадстаўленае героем публікацыі

Якіх правілаў павінен прытрымлівацца кожны, хто хоча павялічыць свой асабісты капітал? У што варта інвэставаць, і ці варта інвэставаць у крыптавалюты? Пра гэта нам расказвае кіраўнік інвестыцыйна-кансалтынгавай кампаніі, арганізатар «Нацыянальнага бізнес-клюбу імя Рамана Скірмунта» Аляксандр Стэпановіч. На яго сэмінары, які прайшоў у Беларускім доме ў Варшаве, пабываў Аляксандар Папко.

Спадар Аляксандар, падчас сёньняшняга сэмінару вы далі некалькі простых парадаў кожнаму чалавеку наконт таго, як збалянсаваць свой бюджэт. Што павінен памятаць кожны чалавек, незалежна ад узроўню сваіх даходаў?

Аляксандр Стэпановіч: Важна памятаць некалькі асноўных правілаў. Па-першае – рэгулярнасьць інвэстыцыяў. Кожны раз ад свайго даходу трэба адкладаць пэўны адсотак і інвэставаць. Інвэставаць трэба пад складаны працэнт. Трэба думаць пра пачатак інвэстыцыйнай дзейнасьці, незалежна ад узроўню даходаў. Ёсьць людзі, якія атрымліваюць і па 100 тысячаў даляраў на год, але жывуць без зьберажэньняў. Яны поўнасьцю залежаць ад сваіх штомесячных даходаў на адзіным месцы працы. Чалавек павінен выпрацаваць звычку адкладаць пэўны адсотак ад любога даходу.

Па-другое – дывэрсыфікацыя. Нельга ўсе яйкі складваць у адзін кошык. Інвэстыцыі трэба рабіць у розныя фінансавыя інструмэнты – акцыі, аблігацыі, нерухомасьць, каштоўныя мэталы, а таксама альтэрнатыўныя інструмэнты.

Цяпер папулярным альтэрнатыўным інструмэнтам зьяўляюцца крыптавалюты. Адны кажуць, што гэта – тэхналёгія будучыні, што ўсім абавязкова трэба купляць крыптавалюту, бо яе будуць выкарыстоўваць і цана на яе ўзрасьце. Іншыя кажуць, што крыптавалюта – гэта тыповая фінансавая піраміда. Яе купляюць, бо на яе існуе ажыятажны попыт. Выкарыстоўваць крыптавалюту ня будуць, таму цэны на яе рэзка абваляцца. Дык ці купляць крыптавалюту, колькі купляць і каму яе купляць?

Аляксандр Стэпановіч: Гэта павінен вырашаць сам чалавек. Кожны самастойна павінен правесьці аналіз рынку. Нельга давяраць чыімсьці словам. Калі казаць пра крыптавалюты – то тэхналёгія блокчэйн сапраўды прарыўная, і яна будзе выкарыстоўвацца. Але многія аналітыкі стараюцца адасобіць саму тэхналёгію ад крыптавалютаў. Любы фінансавы інструмэнт разьвіваецца цыклічна. Пры ажыятажным попыце фармуюцца фінансавыя бурбалкі. Потым адбываецца абвал. Але калі тэхналёгія жыцьцяздольная, то далей зноў пачнецца рост. Канешне, выжывуць ня ўсе крыптавалюты. Застануцца найбольш пэрспэктыўныя з тэхналягічнага пункту гледжаньня, якія далей будуць выкарыстоўвацца.

У гэтым кантэксьце варта прагадаць крызыс амэрыканскіх «доткомаў» пачатку 2000-х. У гэты пэрыяд быў ажыятажны попыт на акцыі амэрыканскіх інтэрнэт-кампаніў, а затым адбыўся вялікі абвал. Але некалькі буйных кампаніяў выжылі. Яны існуюць да сёньняшняга дня й зьяўляюцца «блакітнымі фішкамі» (найбольш прыбытковымі і надзейнымі кампаніямі – А.П.).

Вы казалі, што крыптавалюта, як і папяровая валюта, трымаецца на даверы ты, хто выкарыстоўвае яе ў разьліках. А давяраюць, у сваю чаргу, тым крыптавалютам, якія выкарыстоўваюцца ў пэўных тэхналягічных працэсах. Якія крыптавалюты маюць пэрспэктыву выкарыстаньня ў розны галінах эканомікі?

Аляксандр Стэпановіч: Усяго існуе больш за 1000 крыптавалютаў. Кожная зь іх мае асаблівасьці ў тэхналягічным пляне, а таксама выконвае нейкую нішавую функцыю. Некаторыя крыптавалюты задумваліся як сродак плацяжоў – такія як Bitcoin альбо Ripple. Апошні наладжвае супрацоўніцтва з банкамі й зьяўляецца прамым канкурэнтам састарэлай сыстэме міжбанкаўскіх плацяжоў SWIFT. Ёсьць крыптавалюты, якія дапамагаюць заключаць смарт-кантракты – гэта, напрыклад, Ethereum і Cardano.

Ці толькі Беларусь прыняла заканадаўчыя акты, якія лібэралізуюць абарот крыптавлютамі? Ці ёсьць прыклады іншых краінаў, дзе гэтаму новаму сродку плацяжу давяраюць?

Аляксандр Стэпановіч: Розныя краіны сьвету праводзяць вельмі розную палітыку адносна крыптавалютаў. Кітай і Карэя, напрыклад, спрабуюць абмежаваць іх выкарыстаньне. Акрамя Беларусі, лібэральнае заканадаўства ў галіне крыптавалютаў прыняла Аўстралія.

Да гэтага часу большасьць кампаніяў, якія праводзілі ICO (англ. Initial coin offering («першасны продаж манэтаў») – продаж інвэстарам новавыпушчанай крыптавалюты – А.П.) базаваліся ў Сінгапуры й Швэйцарыі, бо там было даволі лібэральнае заканадаўства. Але цяпер зьявіліся больш спрыяльныя юрысдыкцыі. Японія таксама легалізавала крыптавалюты як плацёжны сродак. ЗША спрабуюць рэгуляваць гэтую сфэру, але не забараняюць. Кампаніям, якія праводзяць ICO, выстаўляюць патрабаваньні, аналягічныя да тых, якія выходзяць на IPO (англ. Initial public offering («першасны публічны продаж») – першы продаж акцыяў прадпрыемства на біржы – А.П.).

Як дэкрэт «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі» паўплывае на эканоміку Беларусі? Ці можна чакаць, што замежныя кампаніі, якія выкарыстоўваюць крыптавалюту, будуць рэгістравацца ў Беларусі?

Аляксандр Стэпановіч: Дэкрэт №8 – гэта, сапраўды, вялікі крок наперад. Невядома, як ён запрацуе на практыцы. Улады павінныя сур’ёзна памяняць заканадаўства, каб яно адпавядала нормам, прапісаным у гэтым дэкрэце. Трэба паглядзець, якой будзе рэакцыя міжнародных арганізацыяў – напрыклад, FATF (Financial Action Task Force), якая займаецца барацьбой з адмываньнем грошай. Трэба паглядзець, якая будзе рэакцыя ЗША, Эўразьвязу, Расеі, якія будуць уважліва сачыць за сытуацыяй, бо бізнэс зь іх краінаў можа ісьці ў Беларусь, каб зьдзяйсьняць пэўныя фінансавыя апэрацыі. Сытуацыя будзе залежаць ад вялікай колькасьці фактараў.

І апошняе пытаньне на сёньня. Хацеў бы вярнуцца да агульных парадаў інвэставаньня для звычайнага чалавека. Якія кнігі дапамогуць правільна ашчаджаць і інвэставаць? Што б вы маглі параіць?

Аляксандр Стэпановіч: Найбольш варты ўвагі бэстсэлер амэрыканскага аўтара Робэрта Алена Multiple Streams of Income, расейскі пераклад якога называецца «Множественные источники дохода». Там даволі падрабязна разглядаюцца альгарытмы інвеставання й фінансавыя інструмэнты. Таксама вельмі добрая сэрыя кніг Робэрта Кіёсакі, у якую уваходзяць «Багаты Тата, Бедны Тата», «Квадрант грашовай плыні» і шэраг іншых.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт