Logo Polskiego Radia
Print

Альпіністы з Польшчы й Францыі церпяць бедзтва на адной з найвышэйшых гор сьвету

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.01.2018 15:10
Польскі альпініст Томаш Мацкевіч беспасьпяхова паспрабаваў пакарыць Нанга Парбат ужо сёмы раз.
wikimedia commons/ Muhammad Ashar (Own work)/ CC BY-SA 3.0

Група польскіх альпіністаў вырушыла на дапамогу сваім калегам, якія апынуліся ў сьнегавым палоне на гімалайскім васьмітысячніку Нанга Парбат – адной з самых высокіх і самых небясьпечных вяршыняў сьвету.

Польскі альпініст Томаш Мацкевіч (Tomasz Mackiewicz) і францужанка Элізабэт Рэволь (Elizabeth Revol) знаходзяцца на вышыні больш за 6 тысячаў мэтраў ужо пяць дзён. Абодва атрымалі сур’ёзныя траўмы, якія не дазваляюць ім самастойна спусьціцца.

Томаш Мацкевіч, па непацьверджаных дадзеных, пакутуе на так званую сьнежную сьлепату. Ад непагадзі ён схаваўся ў трэшчыне на вышыні 7 тысячаў мэтраў. Тэмпэратура на такой вышыні складае мінус 40 градусаў, а хуткасьць ветру дасягае 100 кілямэтраў на гадзіну.

Элізабэт Рэволь была вымушаная спыніць пад’ём на вяршыню з-за таго, што адмарозіла ступні. Яна чакае на дапамогу на вышыні 6 тысячаў мэтраў.

Ратаўнікі змогуць дабрацца да пацярпелых праз паўтара дні. Томаш Мацкевіч беспасьпяхова паспрабаваў пакарыць Нанга Парбат ужо сёмы раз. Гэта дзевятая па вышыні гара на плянэце.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт