Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь выклікае пытаньні ў палякаў

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 10.05.2018 15:41
  • 1005 Канфэрэнцыя ў ВУ.mp3
Адказы шукалі на Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта.
Варшава, вул. Штурмова, 4. Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.
Фота Віктара Корбута/radyjo.net.Варшава, вул. Штурмова, 4. Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Фота Віктара Корбута/radyjo.net.Фота Віктара Корбута/radyjo.net

Як паўплывалі балты на фарміраваньне беларускай мовы? Чаму беларуская шляхта не выступала ў абарону ўніяцтва? Ці апраўдана Беларусь далучаць да гэтак званага “рускага (расейскага) сьвету”? Гэтыя і іншыя пытаньні абмяркоўвалі прадстаўнікі розных навуковых пляцовак Польшчы на канфэрэнцыі 10 траўня ў Варшаўскім унівэрсытэце. Форум пад назвай “Усходняя Эўропа ў навуковым дыскурсе” сабраў вядомых дасьледчыкаў пад эгідай Катэдры беларусістыкі ВУ.

Папкі
Папкі з матэрыяламі навуковай канфэрэнцыі “Усходняя Эўропа ў навуковым дыскурсе”. Фота Віктара Корбута/radyjo.net.

Як гэта ні парадаксальна, але ў Польшчы няшмат ведаюць пра Беларусь. Таму навуковая канфэрэнцыя, якая адбывалася ў ВУ — гэта адзін з крокаў да адкрыцьця Беларусі ня толькі ў Польшчы, але і ў Эўропе.

Ядвіга Грацля, старшы выкладчык Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта: Мы больш чуем у Польшчы пра Расею, менш пра Беларусь. Але я спадзяюся, што мэтадам малых крокаў нам удасца папулярызаваць беларускую культуру. Існуе асобная беларуская мова, культура, наша, славянская, вельмі нам блізкая. Да таго ж, мы маем супольную гісторыю.

Праблема пошуку месца Беларусі сярод народаў Эўропы турбуе вучоных ужо даўно. Свой адказ на складанае пытаньне прапанаваў знаўца гісторыі Ўсходняй Эўропы Люц’ян Суханак. Ён прапануе глядзець на Беларусь як на краіну, якая з даўніх часоў падзелена паміж Захадам і Ўсходам. Напомніў вучоны і пра супольнае жыцьцё Польшчы й Беларусі ў Рэчы Паспалітай:

Люц’ян Суханак, прафэсар Ягелёнскага ўнівэрсытэта: Мы належалі да адной дзяржавы. А як сытуацыя выглядае цяпер? Цяпер нас падзяляе мяжа. Гэта вельмі істотны фактар. Прычым падзяляе нас граніца ня толькі паміж Польшчай і Беларусьсю, але й паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю. Беларусь цяпер належыць да зусім іншай прасторы. Эўропа падзелена на дзьве прасторы. Першая — гэта Pax Occidentalis, альбо “заходні сьвет”, другая — гэта Pax Rossica, альбо “сьвет расейскі”.

У
У кулюарах навуковай канфэрэнцыі “Усходняя Эўропа ў навуковым дыскурсе”. Размаўляюць (зьлева направа): Ніна Баршчэўская, Люц'ян Суханак, Яанна Мяноўска. Фота Віктара Корбута/radyjo.net.

Але наколькі апраўдана далучэньне Беларусі да “расейскага сьвету”? Ці ёсьць адметнасьці, якія адрозьніваюць беларусаў ад расейцаў? Прафэсар Ніна Баршчэўская лічыць, што галоўная адметнасьць беларусаў — гэта іх мова. І яшчэ не пастаўлена кропка ў вывучэньня яе багацьця й гісторыі. Спадарыня Баршчэўская зьвярнула ўвагу на старажытны балцкі субстрат, які мог паўплываць на фарміраваньне самабытнасьці народу.

Ніна Баршчэўская, прафэсар, кіраўнік Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта: Беларуская мова можа ўспрымацца як мова, якая ўзьнікла на балцкім субстраце. Продкі беларусаў, прымаючы тое, што засталося ад балтаў зь іх мовай і культурай, асымілявалі іх. Узьдзеяньне балцкага субстрату й пазьнейшая балта-славянская інтэграцыя выклікалі потым многія адметныя рысы, якія існуюць сёньня ў беларускай мове.

Яшчэ адна адметнасьць, якая магла б вылучаць беларусаў сярод суседніх народаў — гэта ўніяцкая царква, мяркуе Вітальд Колбук — вядомы ў Польшчы дасьледчык гісторыі хрысьціянскіх канфэсій. На канфэрэнцыі спадар Колбук падзяліўся сваімі поглядамі на прычыны заняпаду ўніяцтва. На думку вучонага, справа ня толькі ў рэпрэсіях з боку расейскіх улад. Адказнасьць ляжыць таксама на беларускай каталіцкай шляхце, якая слаба падтрымлівала ўніяцкую царкву.

Вітальд
Вітальд Колбук. Фота Віктара Корбута/radyjo.net.

Вітальд Колбук, прафэсар Катэдры бізантыйска-славянскай культуры Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэта імя Яна Паўла ІІ: Шляхта дбала пра будынкі касьцёлаў, а да цэркваў адносілася абыякава. І сяляне гэта бачылі. Яны бачылі, што каталікі ставяць іх ніжэй за сябе, як людзей горшай якасьці. Ніхто такога стаўленьня ня любіць.

Польскія дасьледчыкі працягваюць вывучаць Беларусь. Іх цікавіць ня толькі мінулае, але й сучаснасьць. Напрыклад, Катажына Дрозд рыхтуе працу пра творчасьць пісьменьніка Віктара Марціновіча. Агнешка Гораль дасьледуе сынонімы ў беларускай мове. А Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта ўжо на працягу 62 гадоў застаецца адной зь вядучых навуковых устаноў сьвету, што дасьледуе блізкі Польшчы народ.

Віктар Корбут

Слухайце, калі ласка, далучаны файл.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт