У аўторак 22 траўня сьпіс ляўрэатаў Міжнароднай Букераўскай прэміі ўпершыню папоўніла прозьвішча польскай пісьменьніцы. Прэстыжную літаратурную ўзнагароду атрымала Вольга Такарчук за раман «Бегуны». На ангельскую мову кніжку пераклала Джэніфэр Крофт (Jennifer Croft).
Ангельская вэрсія раману «Бегуны» называецца «Flights». Букераўская міжнародная прэмія ўручаецца з 2005 года. Яе атрымліваюць творы, перакладзеным на ангельскую мову.
Падчас уручэньня ўзнагароды Вольга Такарчук сказала, што для яе гэта вялікі гонар.
В.Такарчук: Хацелася б адзначыць, што я зьяўляюся першай у гісторыі ляўрэаткай з Польшчы. І я гэтаму вельмі радая.
Адначасова пісьменьніца падкрэсьліла ўнівэрсальнае вымярэньне літаратуры.
В.Такарчук: Я не лічу, што існуе нешта такое як нацыянальная літаратура. Паводле мяне, літаратура - гэта жывы арганізм, які звычайна нараджаецца на нейкай мове, а потым «пераходзіць» на іншую мову. Можна сказаць, што літаратура - гэта цуд.
«Ужо сама прысутнасьць сярод фіналістаў мяне задавальняла», – сказала Такарчук карэспандэнту Польскага радыё адразу пасьля атрыманьня Букераўскай прэміі.
В.Такарчук: Для мяне сапраўды гэта была нечаканасьць, бо я ведала, хто мой супернік, і што гэта знакамітыя раманы. Шчыра скажу, я была шчасьлівая, калі аказалася, што трапіла ў шорт-ліст. Мяне гэта задавальняла й я не чакала большага. Тое, што мы разам з Джэніфэр атрымалі Букераўскую прэмію, гэта вялікі, вялізарны посьпех.
Такарчук лічыць, што ўзнагарода каштоўная таксама й таму, што яна ўручаная за кнігу, напісаную некалькі гадоў таму. «Гэта сьведчыць пра тое, што мая творчасьць звышчасовая», – сказала пісьменьніца.
В.Такарчук: Гэтая кніга была напісаная 10 гадоў таму, а яе сюжэт паўстаў 12 гадоў таму. З майго пункту гледжаньня гэта старая кніжка. Потым я напісала «Кнігі Якубовы» (Księgi Jakubowe) – гэта важны для мяне твор. Я радая, што кніга «Бегуны» звышчасовая, і што праз 12 гадоў яна надалей выклікае эмоцыі й зацікаўленьне.
У 2008 годзе за раман «Бегуны» пісьменьніца атрымала прэмію Nike – найбольш прэстыжную польскую літаратурную ўзнагароду. Так пра сваю творчасьць Вольга Такарчук казала слухачам Польскага радыё.
В.Такарчук: Хто ўважліва чытае мае кніжкі, то заўважыць, што ў кожнай зьяўляецца нейкі адшчапенец або арыгінал, які спрабуе знайсьці іншы падыход і іншае тлумачэньне таго, што яго акружае. Мяне заўсёды захаплялі сэкты, а таксама рэлігійная інтуіцыя разуменьня сьвету.
Загаловак кнігі «Бегуны» адносіцца да сэкты рускіх старавераў, якія верылі, што сьвет напоўнены злом, якое аднак мае ўскладнены доступ да чалавека, калі ён знаходзіцца ў пастаянным руху. І таму «бегуны» знаходзіліся ў пастаянным падарожжы.
В.Такарчук: Калі я даведалася пра «бегуноў», пра гэтую сэкту, мяне захапіла іх вераваньне й штодзённае жыцьцё. Я падумала, што яны зьяўляюцца свайго роду мэтафарай нашага сёньняшняга дня – нашых дзеяньняў і страхаў. Магчыма, гэта банальна, але падарожжа ў мяне выклікае асацыяцыі з вызваленьнем, і таму на многіх людзей падарожжа дзейнічае як наркотык. Бо ж здараецца, што людзі выдаткоўваюць усе грошы, каб раз на год вырвацца ў сьвет. Я думаю, што дзякуючы падарожжам мы можам адарвацца ад жыцьцёвай сытуацыі, ад абавязкаў, падаткаў, сям’і, ад рознага роду залежнасьцяў.
Польская пісьменьніца далучылася да такіх ляўрэатаў Букераўскай прэміі як Эліс Манро й Філіп Рот. Кароткі сьпіс намінантаў на прэмію быў абвешчаны ў красавіку. Акрамя Такарчук, у яго ўвайшлі францужанка Віржыні Дэпан з раманам Vernon Subutex 1, гішпанец Антоніё Муньас Маліна з творам Like a Fading Shadow, пісьменьнік з Ірака Ахмэд Саадаві з раманам Frankenstein in Baghdad, пісьменьніца з Паўднёвай Карэі Хан Ган з кнігай The White Book і Ласла Краснахаркаі з Вугоршчыны з раманам The World Goes On. Хан і Краснахаркаі ўжо атрымлівалі гэтую прэмію раней.
Акрамя прэстыжнага вымярэньня Вольга Такарчук і перакладчыца Джэніфэр Крофт атрымалі 50 тысяч фунтаў стэрлігаў (67 тыс. даляраў). Узнагарода была ўручана ў лёнданскім Музэі Вікторыі й Альбэрта.
Яланта Сьмялоўская